Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BySol пасьля крытыкі заявіў, што грошы з тэрміновага збору вывезеным 11 верасьня палітвязьням будуць выплачаныя цалкам


Сустрэча высланых зь Беларусі палітвязьняў. Вільня, 11 верасьня 2025 году
Сустрэча высланых зь Беларусі палітвязьняў. Вільня, 11 верасьня 2025 году

У BySol паведамілі Радыё Свабода пра зьмены ў падыходзе фонду да выплатаў з тэрміновага збору на дапамогу вызваленым 11 верасьня палітвязьням.

Ініцыятыва BySol пасьля крытыкі ў мэдыя і сацыяльных сетках ухваліла рашэньне аб тым, што грошы з тэрміновага збору вызваленым і вывезеным за мяжу палітвязьням, абвешчанага 11 верасьня, будуць выплачаныя цалкам:

«Мы ўлічылі заўвагі і крытыку, яшчэ раз прааналізавалі папярэдняе рашэньне BySol. Спачатку мы плянавалі выплаціць вызваленым 11 верасьня агульную суму, вызначаную ў зборы, — 50 тыс. эўра. Астатнія сродкі — 60 тыс. эўра — меркавалася зарэзэрваваць для наступных групаў вызваленых.

На жаль, у тэксьце збору гэтыя пляны не былі наўпрост запісаныя. Мы прызнаем гэтую памылку і разумеем, што шмат хто ахвяраваў ужо пасьля дасягненьня мэты ў 50 тысяч эўра, каб дапамога для вызваленых была большаю. Мы гатовыя пачаць выплаты ў бліжэйшы час бязь лішніх працэдураў і фармальнасьцяў большых, чым неабходна для справаздачнасьці. Уся сума будзе падзеленая на 52 чалавекі і выплачаная вызваленым», — заявілі ў фондзе BySol.

Там пацьвердзілі, што маюць наўпроставы кантакт з 34 вызваленымі 11 верасьня палітвязьнямі і прыкладаюць намаганьні, каб зьвязацца з астатнімі.

BySol заклікае іх зьвязацца з фондам праз кантакт у Тэлеграме: @bysol_pzk.

«Пацьвердзіць сваё жаданьне атрымаць дапамогу або самастойна выйсьці на сувязь можна цягам трох месяцаў, пачынаючы з 23 верасьня да 23 сьнежня 2025 году ўключна».

Калі ў фондзе застануцца незапатрабаваныя сродкі з тэрміновага збору пасьля трох месяцаў, пра іх выкарыстаньне прымуць асобнае рашэньне. Фонд падзякаваў усім, хто падтрымлівае салідарнасць і каго гэтая сытуацыя не пакінула абыякавым.

Рашэньне Фонду салідарнасьці BySol зарэзэрваваць частку сродкаў, сабраных для вызваленых і вывезеных у Літву 11 верасьня зьняволеных, крытыкаваў шэраг ахвярадаўцаў, сярод якіх былі вядомыя актывісты. У сацыяльных сетках яны, у прыватнасьці, заяўлялі, што збор праводзіўся менавіта для гэтай групы, і патрабавалі перадаць ёй усе грошы.

Для вызваленых 11 верасьня быў аб’яўлены збор на суму 50.000 эўра, а фактычна на вечар 22 верасьня людзі ахвяравалі 111.305 эўра. BySol паведаміў, што з сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду ўжо выплаціў вызваленым 11 верасьня 31.000 эўра — па 1000 эўра кожнаму, хто зьвярнуўся па дапамогу, а гэта быў 31 чалавек.

Палітвязьні апынуліся за мяжою ў выніку прымусовай экспатрыяцыі, без дакумэнтаў і часта безь неабходных рэчаў.

Агулам 11 верасьня ў Літву быў вывезены 51 чалавек, зь іх 37 грамадзян Беларусі. Яшчэ адзін, палітык Мікола Статкевіч, адмовіўся ад прымусовага вывазу, пакінуў аўтобус паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Меднікі і вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Далейшы яго лёс дакладна невядомы. Як вынікае з ускосных заяваў Аляксандра Лукашэнкі і здагадак блізкіх Статкевіча, яго зноў трымаюць у папраўчай калёніі ў Глыбокім (Віцебская вобласьць).

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG