Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Фядыніч расказаў пра сваё здароўе пасьля турмы: «Ня вельмі добрае»


Генадзь Фядыніч. Вільня, 12 верасьня 2025 году.
Генадзь Фядыніч. Вільня, 12 верасьня 2025 году.

Прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч быў вызвалены ў складзе групы з 52 палітычных зьняволеных, якіх вывезьлі ў Літву.

Сайт глябальнага прафсаюзу IndustriAll, які гэтыя гады шмат пісаў пра палітвязьня Генадзя Фядыніча і іншых зьняволеных прафсаюзных лідэраў Беларусі, апублікаваў вялікае інтэрвію зь ім.

У ім Генадзь Фядыніч, якому цяпер 68 гадоў, сярод іншага расказаў пра свой стан здароўя.

«Маё здароўе ня вельмі добрае. У мяне шмат хваробаў. У мяне таксама разьвіўся дыябэт у турме. Я плянаваў правесьці апэрацыю выдаленьні грыжы ў красавіку 2022 году, але мяне арыштавалі да гэтага. Добрыя людзі ў турме папярэджвалі мяне: калі яны прапануюць вам апэрацыю ў Менску, гэта можа быць вашая апошняя апэрацыя. Яны сказалі, што такіх людзей, як я, можна проста сьпісаць на „спыненьне сэрца“. Я ўдзячны ім, яны былі шчырыя і дасьведчаныя», — сказаў Фядыніч прафсаюзнаму сайту.

Шмат гадоў Фядыніч узначальваў незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), арыштаваны быў у красавіку 2022 году. Быў выпушчаны з турмы і выгнаны зь Беларусі 11 верасьня 2025 году.

За што судзілі лідэраў РЭП

Судзілі кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзу РЭП у закрытым працэсе з 25 лістапада па 27 сьнежня 2022 году. Судзьдзя Анастасія Папко вынесла прысуды:

  • Васілю Берасьневу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Генадзю Фядынічу — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Вячаславу Арэшку — 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.


Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»);
  • ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»);
  • ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім»).


Васіль Берасьнеў выйшаў на волю ў жніўні 2024 году, Генадзь Фядыніч — у верасьні 2025-га. За кратамі застаецца 70-гадовы Вацлаў Арэшка.

Што вядома пра Вацлава Арэшку

Былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч расказаў на прэсавай канфэрэнцыі 12 верасьня ў Вільні, што зьняволены прафсаюзны дзяяч Вячаслаў Арэшка ў калёніі страціў зрок, амаль нічога ня бачыць, хоць раней чытаў кнігі.

Цяпер, ідучы пад руку ў сталоўку, пытае, ці ёсьць на небе сонца. Спатыкаецца ўначы ў камэры, ідучы ў прыбіральню, бо нічога ня бачыць. Падае, б’ецца, у яго ідзе кроў.

Лісты жонцы Арэшка піша пад трафарэтку, якую яна яму дасылае.

Перасьлед прафсаюзу РЭП

Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня 2022 году былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня тое ж сталася зь Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.

Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ўтварыўся ў лістападзе 1990 году. Заснавальнікамі прафсаюзу РЭП былі 93 нізавыя прафсаюзныя арганізацыі з усёй Беларусі.

Прафсаюз РЭП дзейнічаў больш за 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў дасягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.


Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG