«Адмова беларускіх уладаў раскрыць яго месцазнаходжаньне і стан выклікае сур’ёзныя асьцярогі, што ён зноў апынуўся пад вартай. Гэтая сытуацыя зьяўляецца гвалтоўным зьнікненьнем і груба парушае міжнароднае права, як падкрэсьлілі ў Amnesty International», — адзначаецца ў заяве дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю, якую атрымала Радыё Свабода.
У дакумэнце адзначаецца, што «ўлады Беларусі нясуць поўную адказнасьць за жыцьцё і бясьпеку Статкевіча», які сымбалізаваў мужнасьць, годнасьць і рашучасьць беларускага народу ў яго барацьбе за свабоду.
«Яго выбар застацца са сваім народам, нягледзячы на гады зьняволеньня і катаваньняў, зьяўляецца сьведчаньнем сапраўднага лідэрства і ахвярнасьці», — адзначаецца ў дакумэнце.
Дэлегацыя Эўрапарлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю заклікала ўлады Беларусі неадкладна раскрыць месцазнаходжаньне і стан Міколы Статкевіча, гарантаваць яму бясьпеку і свабоду, а таксама спыніць практыку выкарыстаньня палітычных зьняволеных у якасьці разьменных манэт і безумоўна вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў зьняволеньні за рэалізацыю сваіх асноўных правоў.
«Мы таксама заклікаем улады Беларусі адмовіцца ад практыкі гвалтоўнай дэпартацыі былых палітычных зьняволеных. Усім грамадзянам Беларусі павінна быць гарантавана права свабодна жыць і працаваць у сваёй краіне. Гэта патрабуе поўнай рэабілітацыі былых палітычных зьняволеных, неадкладнага спыненьня іх перасьледу і стыгматызацыі, а таксама прыняцьця эфэктыўных мер для падтрымкі іх рэінтэграцыі ў грамадзтва», — адзначаецца ў заяве.
«Сэрца свабоднай Беларусі працягвае біцца дзякуючы такім людзям, як Мікола Статкевіч. Яго зьнікненьне — гэта ня толькі напад на аднаго чалавека, але і на саму надзею на дэмакратычную Беларусь», — перакананыя ў Эўрапарлямэнце.
Мікалая Статкевіча вызвалілі з турмы 11 верасьня 2025 году ў рамках палітычнай угоды, згодна з якой 52 зьняволеныя выйшлі на волю ў абмен на зьняцьце санкцыяў ЗША зь беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія».
Пры гэтым улады Беларусі спрабавалі прымусіць усю групу пакінуць Беларусь, даставіўшы 52 чалавекі да літоўскай мяжы. Аднак Статкевіч адмовіўся пераходзіць мяжу, заявіўшы: «Я буду працягваць змагацца!», перш чым вырвацца з аўтобуса, у якім яго перавозілі разам зь іншымі былымі зьняволенымі, у нэўтральнай зоне. Запісы з камэраў відэаназіраньня паказваюць, што яго зноў затрымалі людзі ў масках, якія падышлі зь беларускага боку.
Афіцыйнага пацьверджаньня месца знаходжаньня Статкевіча ўлады не далі.
Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі
Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.
Выправаджэньне (выдварэньне)?
Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.
Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;
або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.
Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.
Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.
Форум