Аднаго з заснавальнікаў украінскага выданьня «Українська правда» Георгія Гангадзэ забілі ў ноч 16 на 17 верасьня 2000 году. Інфармацыя аб ягоным зьнікненьні зьявілася 16 верасьня, але тады ніхто ня верыў у тое, што яго забілі, піша Галіна Церашчук з Украінскай службы Радыё Свабода.
Праз два з паловай тыдні ў Тарашчанскім лесе знайшлі абезгалоўленае цела журналіста. Ягоная маці ня верыла, што гэта цела яе сына і адмаўлялася яго хаваць.
Пахаваньне адбылося ў 2016 годзе — толькі праз тры гады пасьля яе сьмерці.
У 2008 годзе за выкраданьне і забойства Георгія Гангадзэ асудзілі трох афіцэраў міліцыі, а ў студзені 2013 году на пажыцьцёвае зьняволеньне асудзілі колішняга начальніка дэпартамэнту зьнешняга назіраньня МУС Украіны Аляксея Пукача. Прайшло 25 гадоў, але і дагэтуль няма дакладнага адказу на пытаньне, хто менавіта заказаў забойства журналіста і чаму выбралі менавіта яго.
Пасьля зьнікненьня Георгія Гангадзе журналісты аб’ядналіся з патрабаваньнем да кіраўніцтва дзяржавы расьсьледаваць справу, а калі ён забіты — знайсьці цела. Толькі 2 лістапада 2000 году ў Тарашчанскім лесе недалёка ад Белай Царквы ў Кіеўскай вобласьці мужчына выпадкова знайшоў цела без галавы. І тады паведамілі, што гэта цела Георгія Гангадзэ. Яго апазналі знаёмыя журналіста.
28 лістапада 2000 году лідэр Сацыялістычнай партыі Ўкраіны Аляксандар Мароз у Вярхоўнай Радзе абнародаваў «стужкі маёра Мельнічэнкі» — запісы нібыта з кабінэту другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, на якіх падобным на яго голасам агучвалася, што трэба разабрацца з Георгіем Гангадзэ.
«Ёсьць шмат пытаньняў, на якія няма адказу. Чаму Кучму не судзілі? (Леанід Кучма пазьней заяўляў, што гатовы хто гатовы паклясьціся, што не аддаваў злачыннага загаду забіваць Гангадзэ. — РС). Краўчанка быў датычны да гэтага забойства (сям’я памерлага міністра ўнутраных спраў Украіны Юрыя Краўчанкі, якога абвінавачвалі ў заказе гэтага забойства, каб суд давёў ягоную віну або прызнаў яго невінаватым. — РС), хоць і ня ведаў Гангадзэ, як і Пукач, які ставіў ногі на грудзі Георгію. Гэта гісторыя на шмат гадоў, урокі якой мы ня вывучылі», ‒ сказаў журналіст Вахтанг Кіпіані.
«Ці быў Кучма сьведкам у справе Гангадзэ? Не. Яго толькі раз выклікалі для ўдакладненьня пашпартных зьвестак — і ўсё. Маёр Мельнічэнка так і не паведаміў, дзе ўзяў тыя стужкі. Адмыслоўцы казалі, што запіс рабілі стацыянарна, падслухоўваньне было яшчэ з савецкіх часоў і слухалі або ФСБ Расеі, або ўкраінскія службы. Кім быў Мельнічэнка, які езьдзіў у Маскву? Зараз жыве ў ЗША і мае бізнэс», ‒ дадаў Кіпіані.
Паводле яго, паколькі злачынства абмяркоўвалі ў кабінэце прэзыдэнта, то ён, калі б быў адказны і разумеў, што яго падставілі, то мусіў быць першым зацікаўленым у расьсьледаваньні забойства.
Маці Георгія — Леся Гангадзэ да сьмерці ня верыла, што знойдзенае цела без галавы належала яе сыну. У 2013 годзе яна памерла аж цяжкай хваробы.
Справа Гангадзэ стала каталізатарам пратэстаў
Па сутнасьці, з справы Георгія Гангадзэ пачаўся пратэставы рух ва Ўкраіне.
Акцыя «Украіна бяз Кучмы» пачалася праз тры месяцы пасьля зьнікненьня журналіста. Так украінцы адрэагавалі на абнародаваныя палітыкам Аляксандрам Марозам стужак Мельнічэнкі і выступалі супраць карупцыі ў дзяржаве, за свабоду слова, свабоду выбару, дэмакратычныя каштоўнасьці, супраць амаральнасьці ўлады, а таксама патрабавалі раскрыць праўду ў справе забойства журналіста, адстаўкі Леаніда Кучмы, кіраўніка ягонай адміністрацыі Ўладзіміра Літвіна, міністра ўнутраных спраў Юрыя Краўчанкі і генэральнага пракурора Міхайла Пацябенькі.
Акцыя «Украіна бяз Кучмы» стала першым крокам да Аранжавай рэвалюцыі, калі ўкраінцы выйшлі на пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх нібыта перамог Віктар Януковіч. Тады пры міжнародным пасярэдніцтве дамовіліся аб правядзеньні трэцяга туру галасаваньня, на якім перамог Віктар Юшчанка.
«Забойства Гангадзэ плянавалася з разьліку на тое, што з Украінай нельга мець справы ў прынцыпе. То бок, гэта быў клін, як не пусьціць Украіну на Захад. А тое, што гэта было зроблена сваімі..., ці гэта была агентурная работа, ці добра зманіпулявалі? Пра гэта можна спрачацца. Але сам факт забойства Гангадзэ выклікаў абурэньне ўнутры краіны. Бяз стужак Мельнічэнкі гэта было б нешта накшталт таго, хто забіў Шарамета, Кацю Гандзюк. Як гэта гучала да Парашэнкі. Але сур’ёзна гэтая справа пачала круціцца, калі зьявіліся стужкі Мельнічэнкі і прамая прывязка да Кучмы», — сказаў палітык Тарас Чарнавіл.
Ён перакананы, што забойства мадэліравалі пад тыя плёнкі, якія атрымалі. «Тыя, хто забіваў ці арганізоўваў, ведалі наперад, што будуць забіваць, і ўжо перад забойствам мелі тыя запісы. [...] Плёнкі падводзілі пад будучую гісторыю, якую павінны былі правесьці. Гэта міжнародная спэцапрацыя Расеі, але ўкраінцы адыгралі ў ёй ролю, на жаль», — мяркуе Тарас Чарнавіл.
Георгію Гангадзэ на момант ягонага забойства быў 31 год.
Форум