Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася рэакцыя МЗС Беларусі на высылку з Чэхіі і Польшчы беларускіх дыпляматаў

абноўлена

МЗС Беларусі.
МЗС Беларусі.

На сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі зьявілася заява ў сувязі з абвяшчэньнем уладамі Чэхіі беларускага дыплямата нон-грата.

Беларусь, гаворыцца ў заяве, рашуча асуджае рашэньне чэскага боку аб’явіць пэрсонай нон-грата супрацоўніка беларускага пасольства ў Празе.

«Гэты крок зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным і не садзейнічае разьвіцьцю канструктыўнага ўзаемадзеяньня і нармалізацыі двухбаковых адносін. Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ у адпаведнасьці з прынцыпам узаемнасьці і абароны нацыянальных інтарэсаў, а таксама заклікае чэскі бок устрымлівацца ад далейшых недружалюбных дзеяньняў», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Пазьней МЗС адрэагавала і на рашэньне Польшчы выслаць беларускага дыплямата

Яно рашуча асудзіла гэтае рашэньне. Беларускае ведамства назвала яго беспадстаўным і выказала меркаваньне, што гэта «элемэнт скаардынаванай з чэскім бокам правакацыйнай палітыкі ў адрас беларускай дзяржавы з мэтай далейшага нагнятаньня напружанасьці як у міждзяржаўных адносінах, так і ў рэгіёне ў цэлым».

У МЗС заявілі, што гэтыя крокі не застануцца без адказу.

Што папярэднічала

Сёньня стала вядома пра затрыманьне яшчэ аднаго меркаванага агента КДБ Беларусі — у Польшчы, і высылцы з гэтай краіны беларускага дыплямата. Пра гэта паведамў прэм'ер-міністар краіны Дональд Туск.

Напярэдадні МЗС Чэхіі паведаміла аб выяўленай у Эўропе беларускай шпіёнскай сеткі. Расьсьледаваньне праводзілася пад эгідай EUROJUST пры садзеяньні спэцслужбаў Румыніі, Чэхіі і Вугоршчыны. Таксама МЗС Чэхіі паведаміла, што ў сувязі з гэтым супрацоўнік амбасады Беларусі ў Празе быў абвешчаны ў Чэхіі пэрсонай нон-грата. Яго падазраюць у працы на беларускія спэцслужбы. Сёньня стала вядома, што мова можа ісьці пра дарадцу амбасады Мікалая Дукшту.

8 верасьня ў Румыніі быў затрыманы былы намесьнік кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі (SIS) Малдовы Аляксандру Балан. Ён падазраецца ў здрадзе дзяржаве і перадачы дзяржаўных сакрэтаў беларускім спэцслужбам.

Па інфармацыі вугорскіх СМІ, да справы таксама мае дачыненьне беларус — актывіст апазыцыі, які працуе таксістам і жыве ў Польшчы на мяжы з Беларусьсю.





Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG