Два мэтэазонды, да якіх былі прывязаны скруткі з 60 тыс. цыгарэт «NZ Gold» зь беларускімі акцызнымі маркамі, знойдзеныя 8 верасьня памежнікамі Малінаўскай воласьці памежнага зь Беларусьсю Аўгшдаўгаўскага краю, паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі.
Распачатая крымінальная справа па арт. 221 Крымінальнага закону краіны за незаконны абарот тытунёвых вырабаў, учынены ў буйным памеры.
6 верасьня паведамлялася, што горадзенскія памежнікі, абапіраючыся на апэратыўную інфармацыю, двума днямі раней знайшлі у непадалёк ад мяжы бесьпілётнікі і прадметы, прызначаныя для «супрацьпраўнай дзейнасьці».
Дакладная лякацыя не была ўказаная, аднак паколькі да «мерапрыемстваў па спыненьні парушэньня заканадаўства» прыцягнулі ў тым ліку супрацоўнікаў АУС Горадзенскага райвыканкаму, можна меркаваць, што размова аб Горадзенскім раёне, які мяжуе з Польшчай і Літвой.
Заяўлялася, што гэта чацьвёрты за тыдзень выпадак выяўленьня бесьпілётнікаў у прымежных раёнах.
Апошнім часам дроны і аэрастаты актыўна выкарыстоўваюць кантрабандысты для дастаўкі ў Эўразьвяз нелегальных грузаў, як правіла, цыгарэт.
Форум