Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судовым працэсе над журналістам Ігарам Ільяшом абвешчаны перапынак да 12 верасьня


Ігар Ільяш, архіўнае фота
Ігар Ільяш, архіўнае фота

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Сяргея Ваганава — сваяка падсуднага.

Паводле Ваганава, чарговыя пасяджэньні ў крымінальнай справе журналіста прайшлі ў Менскім гарадзкім судзе 4 і 5 верасьня. Гэтымі днямі суд заслухаў «вынікі псыхалінгвістычнай экспэртызы 15 аналітычных артыкулаў Ільяша, якую на працягу некалькіх месяцаў падрыхтаваў загадчык катэдры БДУ, доктар філялёгіі Сяргей Лебядзінскі», адзначыў Ваганаў.

Таксама, дадаў ён, былі заслуханы тлумачэньні Лебядзінскага «у адказ на пытаньні пракурора, адваката і падсуднага, а таксама тлумачэньні і заўвагі Ільяша адносна вынікаў экспэртызы».

Ільяша абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмізму» і ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».

Раней судовы працэс быў прыпынены 12 сакавіка. Хадайніцтва падсуднага аб тым, каб экспэртыза прайшла ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспэртыз, суд не задаволіў.

Пра яго затрыманьне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрвію незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся «садзейнічаньнем экстрэмісцкім фармаваньням». Таксама сьцьвярджалася, што журналіст ажыцьцяўляў «збор дадзеных для замежных выведак — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням».

Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам са сваім апэратарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі.

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 356 КК («здрада дзяржаве»).

20 верасьня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэньне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты вырак дзейным. Разам з тым Вярхоўны суд адкарэктаваў фармулёўку абвінавачаньня — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» замененая на «шпіянаж».

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у месцах пазбаўленьня волі ўтрымліваецца 36 прадстаўнікоў СМІ.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG