Як паведамляе карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода, суд вырашыў зьмясьціць яго пад варту бяз права ўнясеньня закладу да 30 кастрычніка. Падазраваным у судзе быў абвешчаны 52-гадовы Міхаіл Сьцельнікаў, ураджэнец Львова, халасты. Іншай інфармацыі няма.
Сьцельнікаў пагутарыў з журналістамі перад пачаткам пасяджэньня і прызнаў сябе вінаватым у забойстве. Матывам сваіх дзеяньняў ён назваў «асабістую помсту ўкраінскім уладам».
Пры гэтым падазраваны назваў непраўдзівай інфармацыю пра тое, што яго шантажавалі расейскія спэцслужбы.
Крыніцы ўкраінскай службы Радыё Свабода ў праваахоўных органах Украіны паведамлялі, што падчас першых допытаў падазраваны распавёў пра свае кантакты з расейскімі прадстаўнікамі, заявіўшы, што зьвязваўся з імі, спрабуючы знайсьці свайго сына, вайскоўца Ўзброеных сіл Украіны, які зьнік бязь вестак.
Паводле цяперашніх словаў падазраванага, ён хоча хуткага вэрдыкту па сваёй справе, каб яго маглі абмяняць на ўкраінскіх ваеннапалонных у Расеі і каб ён мог шукаць там цела сына.
Акрамя таго, падазраваны заявіў, што абраў Андрэя Парубія для забойства, бо той «знаходзіўся побач».
Раней СМІ са спасылкай на крыніцы ў спэцслужбах сьцьвярджалі, што расейскія спэцслужбы прымусілі падазраванага супрацоўнічаць зь імі праз шантаж, абяцаючы паведаміць яму, дзе знаходзіцца цела загінулага сына.
На брыфінгу 1 верасьня праваахоўныя органы паведамілі, што сьледзтва не выключае ніводнай з вэрсій у справе пра забойства Парубія, але вэрсія расейскага сьледу лічыцца прыярытэтнай.
Андрэй Парубій, народны дэпутат Украіны ад партыі «Эўрапейская салідарнасьць», які ўзначальваў Вярхоўную Раду ў 2016-2019 гадах, быў застрэлены ў Львове 30 жніўня. У ноч на 1 верасьня стала вядома пра затрыманьне падазраванага ў забойстве.
Форум