Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заявілі, што не выключаюць паветранай падтрымкі ў якасьці гарантыі бясьпекі Ўкраіны


Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт
Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт

Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што паветраная падтрымка ЗША зьяўляецца «варыянтам і магчымасьцю» ў рамках забесьпячэньня гарантый бясьпекі Ўкраіне.

Яна зрабіла гэтую заяву падчас брыфінгу 19 жніўня, калі яе неаднаразова пыталіся, якім можа быць унёсак ЗША ў гарантыі бясьпекі Ўкраіны, але, як і прэзыдэнт Дональд Трамп да яе, Левіт не падала ніякіх падрабязнасьцей.

Прэс-сакратарка адзначыла, што ЗША могуць аказаць паветраную падтрымку або ўдзельнічаць у «каардынацыі» дзеяньняў украінскіх сіл, магчыма, маючы на ўвазе абмен разьведвальнымі зьвесткамі.

«Прэзыдэнт даў зразумець, што амэрыканскія войскі ня будуць разьмешчаныя ва Ўкраіне, але мы, безумоўна, можам дапамагчы з каардынацыяй і, магчыма, забясьпечыць іншыя сродкі гарантый бясьпекі нашым эўрапейскім саюзьнікам», — сказала яна на брыфінгу.

Прэзыдэнт Трамп заявіў у інтэрвію Fox News 19 жніўня, што ён выключае магчымасьць разгортваньня амэрыканскіх войскаў ва Ўкраіне, але дадаў, што Злучаныя Штаты могуць аказаць паветраную падтрымку ў рамках пагадненьня аб спыненьні вайны Расеі ва Украіне.

Падчас тэлевізійнага інтэрвію прэзыдэнт Трамп расказаў аб тым, што эўрапейскія краіны гатовы накіраваць ва Ўкраіну свае войскі.

«Мы гатовыя дапамагчы ім, асабліва калі мова ідзе аб паветранай прасторы, паколькі ніхто не валодае такім арсэналам, як мы», — растлумачыў Дональд Трамп, падкрэсьліўшы, што ён выключае адпраўку амэрыканскіх вайскоўцаў ва Украіну.

Як піша The Wall Street Journal, амэрыканскія вайсковыя самалёты, якія базуюцца за межамі Ўкраіны, могуць быць выкарыстаныя для паветранай падтрымкі эўрапейскага кантынгенту, ЗША могуць разьмясьціць паблізу Ўкраіны сродкі СПА для яго абароны, амэрыканскія ваенна-транспартныя самалёты могуць перакідваць эўрапейскія войскі і вайсковую тэхніку.

У рамках гарантый бясьпекі, прапанаваных Украіне, Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія хочуць разьмясціць там войскі, заявіў прэзыдэнт ЗША.

Трамп пры гэтым прызнаў, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін можа не захацець заключаць зьдзелку.

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на Алясцы ў канцы мінулага тыдня прэзыдэнт Трамп даручыў кіраўніку Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў генэралу Дэну Кэйну распрацаваць варыянты падтрымкі міжнародных сіл, якія могуць быць разьмешчаныя на тэрыторыі Ўкраіны.

Па словах Дональда Трампа, ён чакае згоды Ўладзіміра Пуціна на прысутнасьць вайскоўцаў эўрапейскіх краін на тэрыторыі Украіны ў якасьці гаранта захаваньня мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай. У той жа час, Масква фармальна працягвае настойваць на тым, што ўдзел у такой апэрацыі сіл з краін NATO непрымальны для яе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG