Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні расказалі, як рукамі зьняволеных улады Беларусі падтрымліваюць расейскую вайну супраць Украіны


Рэкляма прадукцыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі
Рэкляма прадукцыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі

Зьняволеныя ў калёніях Беларусі вырабляюць скрыні для снарадаў, шыюць вайсковую форму й іншы рыштунак.

Праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч прааналізаваў адкрытыя крыніцы інфармацыі і сьведчаньні былых палітзьняволеных пра выраб у калёніях рэчаў вайсковага прызначэньня.

Паводле праваабаронцы, існуе беспасярэдняя сувязь паміж прымусовай працай зьняволеных і задавальненьнем вайсковых патрэбаў Расеі, якая вядзе вайну супраць Украіны.

Прадукцыя вайсковага прызначэньня, вырабленая ў беларускіх калёніях і адпраўленая ў Расею для падтрыманьня хаўрусьніка, стала неад’емнай часткай укладу, які рэжым Лукашэнкі ўносіць у агрэсіўную вайну, лічыць Алег Мацкевіч.

Праваабаронца заўважае, што на сайце Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі такую прадукцыю знайсьці немагчыма, але яна ёсьць у каталёгу інтэрнэт-крамы ведамства. Там у сьпісе для куплі наступныя тавары: скрыня вайсковая, плашч-накідка, мундзіры, кіцель, два віды вайсковых гарнітураў, кабуры для пісталета Макарава і рэвальвэра сыстэмы «Наган», розныя вайсковыя рамяні, у тым ліку для аўтамата АКС-74.

Пра значна большы асартымэнт тавараў вайсковага прызначэньня, якія вырабляюць у беларускіх калёніях, расказалі былыя палітвязьні, апытаныя актывістам «Вясны» Алегам Мацкевічам.

Экс-зьняволеная жаночай калёніі № 4 у Гомлі Антаніна Канавалава апавяла:

«Шылі яшчэ курткі для беларускіх лётнікаў, а таксама курткі ішлі на пастаўкі ў Расею. Вайсковыя. Пальчаткі для снайпэраў, спальнікі таксама шылі для вайскоўцаў. Вось такія сумкі, куды можна, ведаеце, пляшку пакласьці ці яшчэ нешта, ножык які ўсунуць, вось такія сумкі шылі дзяўчаты. Мы разумелі, што шыем для Расеі — я, прынамсі, дакладна гэта ведала», — расказала Антаніна Канавалава.

Жанчына згадала, што бачыла гербы Расеі на цэтліках для вайсковых куртак, якія шылі ў іх у калёніі.

Паводле былой палітзьняволенай Ксеніі Луцкіной, якая таксама працавала швачкай у ПК-4 у Гомлі, асобныя вырабы шылі з адмысловай тканіны, таму ў швачак не было сумневаў, што замовы з Расеі.

«Тканіна была праштампаваная. Я цяпер даслоўна ня ўспомню, але там была назва вайсковай часткі», — сьведчыла Ксенія Луцкіна.

Паводле яе, ішлося пра расейскую вайсковую частку.

«Беларускія зьняволеныя — гэта рабы расейскага вайскова-прамысловага комплексу», — мяркуе актывістка «Эўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк. Былая палітзьняволеная згадала працу ў ПК-24 у Рэчыцкім раёне.

«У Зарэччы з кастрычніка 2022-га пачалі шыць форму для танкістаў, каля 270-300 штук, гэта я сама засьпела. Да гэтага шылі на Расею форму МНС, былі замовы зь Якутыі, з расейскага міністэрства абароны. Было закуплена абсталяваньне для вышыўкі шаўронаў, вырабляюць шаўроны з расейскім арлом і трыкалёрам. У 2023-м — пачатку 2025 году на Расею шылі палявыя вайсковыя строі, каля 80 тысяч, і шыюць увесь час, тысячы спальнікаў, насілак, паясных патранташаў, маскавальныя дэталі для касак, ніжняя бялізна, заплечнікі, пальчаткі, балаклавы», — расказала Паліна Шарэнда-Панасюк.

Паліна Шарэнда-Панасюк ў швейным цэху ў калёні
Паліна Шарэнда-Панасюк ў швейным цэху ў калёні

Былы палітзняволены, які з прычын бясьпекі пажадаў застацца ананімным, апавёў пра калёнію № 3 «Віцьба»:

«У швейным цэху, гэта я ведаю дакладна, шыюць форму для расейскіх салдатаў».

У цэху дрэваапрацоўкі, паводле той жа крыніцы, выраблялі «скрыні для снарадаў, там былі спэцыяльныя прарэзы».

Прадукцыя Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі
Прадукцыя Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі

Пра скрыні для снарадаў расказаў і былы палітвязень Наваполацкай калёніі № 1. Паводле зьвестак крыніцы, замова на такія скрыні, якія выраблялі ў цэху дрэваапрацоўкі, паступіла ад Расеі.

Паводле былога палітзьняволенага Сяргея Наліўкі, які адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах, там выконвалі вайсковыя замовы з Расеі на выраб скрыняў для ракет сыстэмы «Солнцепёк». Суразмоўца спаслаўся ня толькі на свае назіраньні, але і на аповед майстра, зь якім працаваў.

«Вялікія замовы ідуць на Расейскую Фэдэрацыю. На „Солнцепёк“. Скрыні ішлі на гэты „Солнцепёк“. На ракеты вось гэтыя.

— На боепрыпасы для гэтых сыстэмаў „Солнцепёк“, так?

— Так.

— А ён гэта казаў, таму што бачыў накладныя, нейкія дакумэнты, так?

— Так».

А паводле былога вязьня калёніі № 15 пад Магілёвам, там выраблялі ня толькі скрыні для снарадаў, але і іншыя вырабы вайсковага прызначэньня. Быў нават час, калі іх пазначалі літарай Z, паведаміла крыніца.

«— Рабілі спальнікі, намёты, матрацы, агулам 90% швейнага прадпрыемства працавала менавіта на абаронку Расеі.

— А драўляныя скрыні для снарадаў — таксама пазнакі былі расейскія?

— Так, было расейскае маркаваньне, ставілася кляймо, што зроблена ў Расеі.

— Першым часам, калі яны пачалі гэта ўсё рабіць для Расеі, там яшчэ ставілася літарка Z...»

Былы вязень калёніі № 22 «Воўчыя норы» згадаў, што ў ёй выраблялі скрыні для снарадаў і патронаў, а на швейнай вытворчасьці шылі вопратку ды іншыя вырабы для расейскіх войскаў. Яго ўразілі маштабы замоваў і прыдзірлівасьць кантралёраў да якасьці іх выкананьня.

«Там шылі спальнікі, спальныя матрацы. Прычым таксама вялікія замовы прыходзілі, таксама ў зялёным колеры... Вельмі ўважліва савіліся да якасьці выкананьня. Гэта значыць — калі найменшы брак, няроўны радок, прымушалі перарабляць. То бок вельмі ўважліва, пэдантычна да ўсіх дэталяў ставіліся. Ну і колькасьць іх была вялізная».

Паводле былога вязьня, штомесяц рабілі да 600 спальнікаў, што для невялікай швейнай вытворчасьці ў калёніі вялікі аб’ём.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Алега Мацкевіча, зьвесткі пра выраб рэчаў вайсковага прызначэньня ўдалося атрымаць ад былых вязьняў васьмі калёніяў — большасьці папраўчых установаў пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі. Але праваабаронца не выключае, што падобныя замовы для расейскага войска выконваюць і ў іншых калёніях Беларусі.

«Зь вялікай доляй імавернасьці гэтыя вырабы выкарыстоўваюць у агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», — мяркуе Алег Мацкевіч і адзначае, што дагэтуль Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі ня ўнесены ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG