Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэнда аднапакаёўкі-студыі ў Менску – 500 даляраў. Чаму на нерухомасьць у Беларусі растуць цэны і дзе іх мяжа


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярэдняя цана арэнды двухпакаёвай кватэры ў Менску за год расьце на траціну. У чым прычына і чаго чакаць далей? Разьбіраемся.

У беларускай сталіцы даражэе нерухомасьць. Растуць цэны як на арэнднае жыльлё, так і на гатовыя кватэры ва ўласнасьць. Згодна з статыстыкай тэматычнага парталу Realt.by, за год цэны на арэнднае жыльлё вырасьлі на 26,2%—34,7%. Цэны на двухпакаёўку вырасьлі на траціну.

Агулам сярэднія цэны на арэнду цяпер выглядаюць наступным чынам (для зручнасьці — у пераліку на даляры, курс на 28 ліпеня):

  • Аднапакаёвыя кватэры — 380 даляраў на месяц
  • Двухпакаёвыя — 527 даляраў на месяц
  • Трохпакаёвыя — 714 даляраў на месяц

Некаторыя кватэры выставілі на арэнду за вышэйшую цану. Напрыклад, двухпакаёўку ў Савецкім раёне непадалёк ад цэнтру з добрым рамонтам прапануюць зьняць за 600 даляраў.

Аднапакаёвую кватэру-студыю на Каменнай Горцы, на вуліцы Лабанка, зь сьвежым рамонтам здаюць за 500 даляраў.

За трохпакаёўку ў новым раёне «Маяк Менску» просяць 950 даляраў.

Растуць цэны і на жыльлё ва ўласнасьць. У траўні зафіксаваны рэкорд цаны на аднапакаёвую кватэру за 12 гадоў. Цана квадратнага мэтру ў аднапакаёўцы сягнула 1880 даляраў. У сярэднім жа цана квадратнага мэтру — 1700 даляраў.

Вырас попыт пакупнікоў. У траўні было на 5,8% больш угодаў куплі, чым месяцам раней. Аднак у параўнаньні зь мінулым годам попыт зьменшыўся.

Напрыклад, аднапакаёўку на вуліцы Нёманскай у Каменнай Горцы прадаюць за 71 500 даляраў.

Двухпакаёўка зь сьвежым рамонтам у раёне мэтро «Аэрадромная» каштуе 126 000 даляраў. Прадаюць адразу з тэхнікай.

За трохпакаёку ў раёне мэтро «Парк Чалюскінцаў» просяць 140 000 даляраў.

Назіраецца рост цэн на нерухомасьць і ў рэгіёнах. Напрыклад, цана квадратнага мэтру ў Магілёве дасягнула максымуму за 10 гадоў. Цяпер гэта 855 даляраў.

У Горадні ў сакавіку фіксавалі рост цэнаў за год на 9% — 756 даляраў за квадратны мэтар. Аднак за месяц цэны зьнізіліся на 2,3%.

Рэальная цана ўгоды і цана ў абвестцы могуць адрозьнівацца. Пра гэта кажуць спэцыялісты, з якімі паразмаўляла Свабода.

«Маем неабгрунтавана высокі цэньнік»

За апошні год сама больш прадаецца кватэраў у новабудоўлях, а кватэраў старога жылога фонду — менш. Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказала спэцыялістка, якая займаецца нерухомасьцю. Пры гэтым цэны на другаснае жыльлё ня падаюць.

«Мы маем неабгрунтавана высокі цэньнік на другасным рынку і цэньнік ад забудоўнікаў у новабудоўлях. Гэты высокі цэньнік зьвязаны найбольш з новабудоўлямі. Людзі хочуць набываць новыя кватэры, яны і растуць у цане найбольш. На другасным рынку цэны таксама вырасьлі, але ня так», — заўважае суразмоўца.

Зараз рэальная цана аднапакаёвай кватэры ў новабудоўлі 85–90 тысяч даляраў (без адстройваньня), прыводзіць прыклад спэцыялістка.

«Цэны працягваюць расьці з інэрцыі. А ад пакупніка нават на кватэры, выстаўленыя за аб’ектыўную рыначную цану, ідзе нэгатыўная рэакцыя. Людзі хочуць большага за гэтыя грошы. Мяркую, што людзі ўжо ня могуць укладаць такіх грошай, бо гэта не акупіцца. А на другасным рынку кватэры цяпер набываюць тыя, каму рэальна вельмі трэба», — разважае суразмоўца.

Спэцыялістка мяркуе, што цэны на другасным рынку неўзабаве пачнуць падаць, а цэны ад забудоўнікаў будуць залежаць ад умоваў выдачы крэдытаў на нерухомасьць.

Што да цэнаў арэнды, то яны зьвязаныя з цэнамі на ўласную нерухомасьць і з настроямі пакупнікоў.

«Вельмі мала людзей успрымаюць куплю нерухомасьці як уклад. Людзі лічаць, што калі яны набылі кватэру, то трэба яе акупіць, і з гэтага фармуюць цану на арэнду. Набылі за вялікія грошы, хочуць здаваць за вялікія грошы. Кватэру як замарожаную інвэстыцыю мала хто ўспрымае», — гаворыць спэцыялістка.

Яшчэ адзін спэцыяліст, які займаецца нерухомасьцю, зьвязвае рост цаны з ростам даходаў людзей і з даступнымі крэдытамі. Калі ж рост спыніцца і крэдыты стануць менш даступнымі, цэны зьнізяцца.

«Увосень цэны стабілізуюцца ці зьнізяцца»

На рост цэнаў уплывае таксама падзеньне даляра за апошнія паўгода. Пра гэта гаворыць старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Калі мы бярэм цану на нейкую кватэру ў рублях на пачатак і на сярэдзіну году, то ў рублях цана не зьмянілася, але вырасла ў далярах. Крэдыты на жыльлё сталі больш даступныя, некаторыя банкі зьнізілі стаўкі. Таксама ўплывае рост даходаў, людзі атрымліваюць болей і думаюць, куды ўкласьці частку грошаў. А ўклад у нерухомасьць традыцыйна ўспрымаецца як надзейны», — гаворыць эканамістка.

Паводле Лузгіной, такая тэндэнцыя можа захавацца цягам лета, але потым сытуацыя можа зьмяніцца ў сувязі з ростам даляра ўвосень.

«Таксама ролю можа адыграць запавольваньне даходаў людзей. У жніўні яшчэ можа быць рост цэнаў, але гэта будзе столь. Пасьля будзе стабілізацыя ці зьніжэньне цэнаў», — кажа экспэртка.

Што да рынку арэнды, то на яго ўплывае таксама сэзоннасьць. Улетку рынак ажывае, бо ўлетку прасьцей пераяжджаць, а ў жніўні расьце попыт дзякуючы студэнтам.

«Таксама расьце колькасьць арандатараў за кошт іншаземцаў, якія шукаюць кватэры. Гэта стымулюе попыт. Аднак на рынку арэнды мы бачым плаўны рост, вялікай актыўнасьці не назіраецца», — заўважае суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG