Беларусь абмяркоўвае магчымасьць прыцягненьня дадатковага фінансаваньня ад Расеі, паведаміў міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў. Пра гэта піша расейскае выданьне The Moscow Times.
Паводле Селіверстава, грошы патрэбныя для беларускага бюджэту, які сёлета зьвярстаны з дэфіцытам у 4,5 млрд беларускіх рублёў, ці 1,6% ВУП.
Акрамя таго, Менск хацеў бы прыцягнуць крэдыты для падтрымкі нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі і іншых інвэстыцыйных праектаў.
«Мы актыўна ўзаемадзейнічаем па фінансаваньні як інвэстыцыйных праектаў, так і простага фінансаваньня. Вось гэтыя пытаньні якраз і абмяркоўваюцца», — цытавала міністра дзяржаўнае агенцтва БелТА. Аб якіх сумах ідзе гаворка, Селіверстаў не ўдакладніў.
Паводле даных Сусьветнага банку на 2023 год, Беларусь была найбуйнейшым даўжніком Расеі: на яе прыпадала $8,2 млрд выдадзеных Крамлём міждзяржаўных крэдытаў. Гэта больш за чвэрць агульнай сумы запазычанасьці замежных дзяржаў перад Расеяй, якую Сусьветны банк ацэньваў у $28,9 млрд.
У сакавіку 2025 году Дзяржаўная дума Расеі ратыфікавала пагадненьне зь Беларусьсю аб буйной адтэрміноўцы пагашэньня назапашанага доўгу, плацяжы па якім павінны былі пачацца сёлета.
Паводле новых умоваў, Менск зможа перанесьці выплаты на 2031-36 гады, гэта значыць на 7-12 гадоў. Агулам пад пагадненьне трапляе каля $800 млн запазычанасьці Беларусі, расказваў намесьнік міністра фінансаў Расеі Ўладзімір Колычаў.
Рашэньне аб адтэрміноўцы плацяжоў прынялі на даручэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і зьвязанае зь неабходнасьцю «зьніжэньня плацежнай нагрузкі на бюджэт Рэспублікі Беларусь», казаў ён.
Форум