Арганізацыя былых сілавікоў BelPol апублікавала расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджае, што Рагачоўскі завод «Дыяпраектар» пастаўляе ключавыя дэталі для прыцэлаў «Сосна-У», якія выкарыстоўваюцца ў расейскіх танках Т-72Б3 і Т-80У.
Пры гэтым, паводле BelPol, у ланцужку вытворчасьці прыцэлаў прадпрыемства выконвае дзьве важныя функцыі. Першая — гэта вытворчасьць ЛВ-10, аднаго з кампанэнтаў для лазэрнага канала навядзеньня ў прыцэле «Сосна-У». Другая — праца ў якасьці «кампаніі-пракладкі» паміж кітайскімі пастаўнікамі прыцэлаў і прадпрыемствам «Пеленг» — найбуйнейшым беларускім вытворцам прыцэлаў для браняванай тэхнікі.
BelPol публікуе дакумэнты, якія сьведчаць што прадукцыя прызначаная «для выкананьня дзяржабаронзаказу РФ і дамоўных абавязаньняў з ААТ «Пеленг».
Аўтары расьсьледаваньня пішуць, што ў 2024 годзе «Дыяпраектар» вырабіў 1800 кампанэнтаў ЛВ-10 да прыцэлаў «Сосна-У», а гэта значыць, што прадпрыемства ўзяло ўдзел у мадэрнізаваньні 1800 расейскіх танкаў.
Форум