Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». Чаму растуць антыбеларускія настроі ў Літве

абноўлена

Палітоляг Вадзім Мажэйка і журналіст, аглядальнік Вітаўтас Брувярыс. Заявы Сяргея Ціханоўскага пра «беларускія астравы» за мяжой. Ілюстрацыйны каляж
Палітоляг Вадзім Мажэйка і журналіст, аглядальнік Вітаўтас Брувярыс. Заявы Сяргея Ціханоўскага пра «беларускія астравы» за мяжой. Ілюстрацыйны каляж

Кіраўнік МЗС Літвы ня бачыць падставы для ануляваньня акрэдытацыі Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі ў Вільні, пра што хадайнічаў дэпутат літоўскага Сейму. Сяргей Ціханоўскі апраўдваецца перад літоўцамі за сваю заяву пра стварэньне «астравоў для Беларусі» за мяжой.

У жывым эфіры «ПіКа Свабоды» палітоляг Вадзім Мажэйка і літоўскі журналіст, аглядальнік Вітаўтас Брувярыс абмяркоўваюць стаўленьне ў Літве да беларускай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і ўласна беларусаў, а таксама непаразуменьні, якія ўзьнікаюць празь неасьцярожныя заявы і ініцыяваныя спэцслужбамі канфлікты.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі


— Дэпутат літоўскага Сейму Вітаўтас Сініца зьвярнуўся з хадайніцтвам у літоўскае МЗС, у якім сьцьвярджае, што Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі нібыта выкарыстоўвае гасьціннасьць і добрую волю Літвы не для ўмацаваньня добрасуседзкіх адносін, а для стварэньня ў Літве своеасаблівай базы «альтэрнатыўнай Беларусі». Палітык заяўляе, што Сьвятлана Ціханоўская нібыта прымяншала значэньне і небясьпекі «антылітоўскай тэорыі літвінізму». Ён таксама раскрытыкаваў Сяргея Ціханоўскага, які ў інтэрвію праекту «Жыцьцё-Маліна» заявіў пра ідэю стварэньня «астравоў для Беларусі» за мяжой. Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у адказ на гэта заявіў, што ня бачыць падставаў ануляваць акрэдытацыю Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі ў Вільні.
Спадар Брувярыс, наколькі зварот дэпутата Сініцы адпавядае агульным настроям у Літве — палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, шараговых грамадзянаў?

Вітаўтас Брувярыс: Часткова адпавядае. Мы разумеем і бачым, што не зварот Сініцы тут галоўны, гэта толькі дэталь. Галоўнае — ён спрабуе, як кажуць, прабачце за выраз, «злавіць хайп» на шырэйшым кантэксьце. І гэты кантэкст даўно ўжо зразумелы і бачны. Антыбеларускія, антырасейскія, антырасейскамоўныя, антыімігранцкія настроі ў Літве відавочныя ўжо даўно. Заўсёды было зразумела, што толькі пытаньне часу, калі яны выльюцца ў нейкую вастрэйшую форму. І мы гэта бачым — такія выступленьні, такія звароты, як у дэпутата Сініцы — яны, вядома, не фінальная кульмінацыя гэтай зьявы.

— А ці былі нейкія дасьледаваньні гэтых антыбеларускіх, антырасейскіх, антырасейскамоўных, антыімігранцкіх настрояў? Якая гэта частка літоўскага насельніцтва? Наколькі гэта ўплывовая частка?

— Вельмі дакладнай сацыялёгіі — у сэнсе лічбаў і працэнтаў — я вам даць не магу, і сумняваюся, што хто-небудзь у Літве можа гэта зрабіць. Але дастаткова сказаць, што гэта даволі-такі выразная, сур’ёзная частка насельніцтва. І тут галоўнае — што ў гэтым пераплятаюцца і аб’ядноўваюцца розныя сэгмэнты, нават дыямэтральна супрацьлеглыя ў іншых палітычных і ідэалягічных пытаньнях. Тут ёсьць і такі віленскі патрыятычны лібэральна-дэмакратычны мэйнстрым — ён пачынае глядзець у гэты бок. Ёсьць крайне правыя нацыяналістычныя маргіналы, ёсьць прарасейская частка, прабачце зноў за выраз, «ватная» частка грамадзтва, якія тут перасякаюцца і фармуюць даволі разнастайны, але у гэтым адзіны фронт. Калі казаць груба, я б сказаў, што гэта трэцяя, можа нават і большая частка ўсяго насельніцтва, якая, вядома, з рознай ступеньню сурʼёзнасьці і строгасьці, але адчувае, у сутнасьці, гэтыя ксэнафобскія, антыімігранцкія, у дадзеным выпадку антыбеларускія, антырасейскамоўныя, антырасейскія і часткова нават антыўкраінскія настроі.

— Вадзім, а ваша ацэнка настрояў у літоўскім грамадзтве ў стаўленьні да беларусаў праз 5 гадоў пасьля 2020 году?

Вадзім Мажэйка: Я б перш за ўсё адрозьніў тое, што мы ўспрымаем на ўзроўні бачнага ў загалоўках ці ў нейкіх канкрэтных выпадках, ад таго, што ёсьць асноўным. Насамрэч мы бачылі і бачым вялікую падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасьці ад літоўскіх палітыкаў, літоўскага ўраду, літоўскіх праваабаронцаў. Безумоўна, гэта ўсе заўважаюць і вельмі за гэта ўдзячныя. Вельмі ўдзячныя Літве за тое, што ў складаную хвіліну, пачынаючы ад Сьвятланы Ціханоўскай і да абсалютна кожнага беларуса, дзясяткі тысяч беларусаў змаглі знайсьці прытулак. І гэтая падтрымка не зьнікае, што вельмі важна нават на побытавым узроўні. Я вельмі шмат бываю на вуліцах, у крамах у Літве і ніколі не сутыкаўся зь нейкімі праявамі ксэнафобіі ці ўвогуле нэгатыўнага стаўленьня. Так, вядома, ня трэба да людзей падыходзіць, размаўляць па-расейску і чакаць, што цябе прымуць з радасьцю.

І абсалютна зразумелыя хваляваньні любога грамадзяніна і палітыка Літвы пра бясьпеку. Асабліва пасьля заяваў Пуціна, маўляў, паўсюль, дзе гучыць расейская мова, мы прыйдзем з танкамі вас ад вас саміх абараняць. Ясна, што мусіць быць хваляваньне пра бясьпеку. Ёсьць людзі, якія паддаюцца на інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі, што ладзяць і беларускі КДБ, і расейскі ФСБ, каб максымальна сутыкнуць ілбамі беларусаў і літоўцаў. Ёсьць заява Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы пра тое, што не існуе ў Літве ніякіх арганізаваных групаў, якія кіруюцца «літвінізмам» і пагражаюць незалежнасьці ці тэрытарыяльнай цэласьці Літвы. І ёсьць тыя літоўцы, якія думаюць, што беларусы — гэта нейкі траянскі конь Пуціна, а ёсьць беларусы, якія думаюць, што навокал у Літве адны нейкія нацысты, якія беларусаў ненавідзяць. Гэтыя людзі — ахвяры тых самых інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG