Пра гэта паведаміў 23 красавіка Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, піша літоўская мэдыякампанія LRT.
Паводле ведамства, у рамках гэтай апэрацыі замежных спэцслужбаў арганізаваныя правапарушэньні становяцца ўсё больш небясьпечнымі. Паводле літоўскага дэпартамэнту бясьпекі, ужо зафіксавалі спробы ўчыненьня актаў гвалту супраць прадстаўнікоў беларускай грамады, якія жывуць у Літве.
«Арганізатары спрабуюць імітаваць дзейнасьць дзьвюх варожых між сабой сілаў — беларусаў, якія прапагандуюць ідэалёгію літвінізму, і літоўскімі групамі, якія нібыта змагаюцца супраць іх», — гаворыцца ў паведамленьні Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
Выведка Літвы папярэджвае, што дзейнасьць выведных службаў Расеі і Беларусі застаецца інтэнсіўнай і агрэсіўнай:
«ДДБ заклікае жыхароў Літвы не паддавацца на правакацыі варожых спэцслужбаў. Выкананьне такога кшталту задачаў несумяшчальнае з інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі Літвы і можа прывесьці да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці».
- На пачатак 2025 году ў Літве жылі 57,5 тысячы грамадзян Беларусі. Апошнім часам праверкі і патрабаваньні да грамадзян Беларусі, якія хочуць застацца ў Літве, сталі больш жорсткімі. Многія адзначаюць праблемы з атрыманьнем візаў, рызыку непадаўжэньня ці ануляваньня ДНЖ, прызнаньне «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» праз тое, што ў мінулым чалавек служыў у беларускім войску або працаваў у дзяржаўнай установе.
- Апошнім часам у Літве назіраюцца правакацыі супраць беларусаў, якія жывуць у краіне. Фальшывыя відэазвароты нібыта беларускіх вайскоўцаў, пагрозы літоўскім дэпутатам, а таксама беларусам, якія жывуць у Вільні, графіці ў горадзе, дзясяткі акаўнтаў у сацыяльных сетках, якія публікуюць псэўдагістарычныя паведамленьні пра ВКЛ, — усё гэта больш за паўгода непакоіць беларусаў у Літве і турбуе некаторых літоўцаў.
- У літоўскіх мэдыя гэтыя выпадкі называлі тэрмінам «літвінізм». Беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама ўлады Літвы бачаць у гэтым сьляды працы беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.
- Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі раней заявіў, што не знайшоў арганізаваных групаў літвіністаў, якія пагражаюць краіне. На думку ведамства, «такая дзейнасьць адпавядае асаблівасьцям псыхалягічна-інфармацыйных апэрацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэньне панікі ў грамадзтве краіны».
- Свабода выпусьціла вялікае расьсьледаваньне пра тое, хто стварае напружанасьць у беларуска-літоўскіх дачыненьнях і пры чым тут «літвінізм». За яго расьсьледнікі Свабоды былі ўзнагароджаныя прэміяй ураду Літвы «За спрыяньне разьвіцьцю міжкультурнага дыялёгу».
Форум