Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ў Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі беларуса арыштавалі на тры месяцы


Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі. Архіўнае фота
Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі. Архіўнае фота

Рашэньне вынес Тбіліскі гарадзкі суд у другой палове дня 15 ліпеня.

Аб рашэнні суду сам арыштаваны беларус, прозьвішча якога не называецца зь меркаваньняў бясьпекі, распавёў па тэлефоне сваёй сяброўцы.

Пра гэта паведаміў «Позірку» беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які пражывае ў Грузіі.

Паводле яго слоў, у суд не ўдалося перадаць дакумэнты для абароны беларуса, у тым ліку даклад Камітэта ААН супраць катаваньняў і справаздачу спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі.

Беларуса затрымалі 14 ліпеня ў будынку Дэпартамэнта міграцыі, куды прыйшоў падаць заяву на атрыманьне прытулку.

Паводле Кісьляка, беларусу ў дэпартамэнце сказалі прыйсьці на наступны дзень, бо не пасьпяваюць прыняць ягоную заяву. Але калі пайшоў на выхад, яго затрымалі.

Як сьцьвярджае Кісьляк, затрыманы не выяжджаў з Грузіі больш за год, што забаронена міграцыйнымі правіламі. І ў яго быў пратэрмінаваны пашпарт, бо пасольствы Беларусі перасталі іх выдаваць з восені 2023 году.

Грузінскія ўлады апошнім часам адмаўляюць беларусам у прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Захадам і прызнала рэжым Лукашэнкі. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Кавелашвілі, выбары якога апазыцыя байкатавала, сёлета павіншаваў Лукашэнку зь пераабраньнем.

Сам Раман Кісьляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. У яго таксама скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта. «У гэтай сытуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь», — сказаў ён «Позірку».

Кісьляк мае намер абскардзіць рашэньне мясцовых уладаў у ААН.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тысяч беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасьць паступова зьмяншаецца.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага офісу, у Грузію з 2021 году прыехала каля 21 тысячы беларусаў, прычым больш за 13 тысяч — у 2022 годзе. З 2023 году колькасьць беларусаў, якія пакідаюць Грузію большая за тых, хто туды прыяжджае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG