Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі Максіма Ўрбановіча, брата байца палку Каліноўскага Дзяніса Ўрбановіча. Хроніка перасьледу


Максім Урбановіч, архіўнае фота 2020 году.
Максім Урбановіч, архіўнае фота 2020 году.

Пра новыя фактах палітычных рэпрэсій у Беларусі стала вядома 24–27 чэрвеня 2025 году.

Суд Заводзкага раёну Менску 27 чэрвеня за адзін дзень разгледзеў крымінальную справу палітвязьня Максіма Урбановіча — малодшага брата байца палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніса Урбановіча.

Прысуд Максіму — 1,5 года пазбаўленьня волі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яму таксама прызначылі прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

2 красавіка ў кватэру, што арандаваў Максім Урбановіч, уварваліся сілавікі. Пасьля ператрусу яго адвезьлі на допыт у КДБ. Спачатку Максіма трымалі ў СІЗА КДБ, а потым перавезьлі ў СІЗА № 1, што ў Калядзічах.

Былы супрацоўнік Дэпартамэнта крымінальнай разьведкі МУС 36-гадовы Аляксандар Кудзевіч асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 3 арт. 361¹ (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) і ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве). Падрабязнасьці справы невядомыя.

42-гадовая жыхарка Ждановічаў (Менскі раён) Юлія Каробка асуджаная на невядомы тэрмін абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). У Каробкі дзьве дачкі і сын.

53-гадовая спэцыялістка аддзелу продажаў кампаніі «Голдэн Браун» Натальля Нячаева асуджаная паводле арт. 342 КК. Тэрмін і від пакараньня невядомыя.

Напярэдадні ў праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў канцы траўня ў Магілёве па «справе Гаюна» асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэклямных кампаній Віталя Чавусава.

Паводле інфармацыі «Вясны», яго прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).Віталю Чавусаву прызначылі 4 гады калёніі. Падрабязнасьці справы і рэжым умоваў адбыцьця невядомыя.

За чэрвень, паводле дарадцы дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, з палітычных матываў было затрымана 28 чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG