Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін у Менску пра Захад: «Яны нас увесь час хаваюць. Самі хутка здохнуць»

абноўлена

Пуцін падчас паседжаньня Найвышэйшага савету ЭАЭС у Менску.
Пуцін падчас паседжаньня Найвышэйшага савету ЭАЭС у Менску.

Прэзыдэнт Расеі, які знаходзіцца ў Менску з двухдзённым візытам для ўдзелу ў пасяджэньні найвышэйшага Савету Эўраазійскай эканамічнай супольнасьці, зрабіў шэраг заяў падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Прэсавая канфэрэнцыі адбылася ў Палацы незалежнасьці ў Менску.

Пра Украіну

Пуцін заявіў, што пасьля завяршэньня этапу абмену палоннымі і целамі загінулых можна гаварыць пра трэці раўнд перамоваў. Зноў у Стамбуле. Расея, сказаў Пуцін, гатовая перадаць Украіне яшчэ амаль 3000 цел. Паводле Пуціна, абмяркоўваць трэба мэмарандумы аб міры, якія бакі прадставілі адзін аднаму.

Пра NATO

Расейскі прэзыдэнт таксама абвінаваціў краіны Захаду ў агрэсіўных намерах з прычыны анансаванага на нядаўнім саміце NATO росту выдаткаў на абарону.

Пуцін заявіў, што NATO вырашае ўзбройвацца дарэмна, маўляў, агрэсіўная не Расея, а сам Захад. Мы трацім свае грошы, сказаў Пуцін, на закупку сваёй зброі. А свае 5% яны (сябры NATO) будуць траціць куды? На закупку амэрыканскай зброі. Будуць падтрымліваць ЗША.

Пры гэтым, як заявіў Пуцін, вайсковыя выдаткі Расеі цяпер складаюць 6,3% ВУП — што больш як цяперашніх выдаткаў краін NATO, так і рэкамэндаванага апошнім самітам ўзроўню ў 5%. Па словах Пуціна, Расея ў пэрспэктыве плянуе зьніжаць абаронныя выдаткі.

Пра эканамічныя дачыненьні з Захадам

«Яны нас увесь час хаваюць. Самі хутка здохнуць», — сказаў Пуцін. Паводле яго, заробкі і ў Расеі і краінах СНД растуць, а ў Эўропе падаюць. «У нас рост эканомікі каля 4%, а ў эўразоне 0,9%», — сказаў ён.

Пра Трампа і дачыненьні з ЗША

«Я стаўлюся да прэзыдэнта ЗША, — сказаў Пуцін, — зь вялікай павагай. Ён мужны чалавек, перажыў не адзін замах на яго жыцьцё. Мы цэнім яго намаганьні для ўрэгуляваньня „ўкраінскага крызісу“. Нядаўна Трамп заявіў, што сытуацыя ва Ўкраіне аказалася больш складанай. Так і ёсьць, рэальнае жыцьцё больш складанае, чым чыесьці ўяўленьні пра яго».

«Я гатовы да сустрэчы з Трампам, але такія сустрэчы трэба рыхтаваць... У цэлым дзякуючы Трампу, адносіны паміж Расеяй і ЗША пачынаюць выраўноўвацца... У нас наладжаны дыялёг паміж асобным ведамствамі, МЗС і Дзярждэпам, і паміж спэцыяльнымі службамі... У нас добрая пэрспэктыва ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, амэрыканскі бізнэс пасылае нам сыгналы, што ён хоча вярнуцца на наш рынак».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG