Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, сьледзтва вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Маскоўскай вобласьці. Неўзабаве сьледчыя будуць хадайнічаць перад судом аб арышце грамадзяніна Беларусі.
«На допыце мужчына паведаміў сьледчаму, што знаходзіўся ў аэрапорце транзытам, чакаючы перасадку на наступны рэйс у блізкае замежжа. Патлумачыць прычыны свайго ўчынку абвінавачаны ня змог. У мужчыны ўзялі ўзоры крыві, забралі тэлефон і прадметы адзеньня для прызначэньня экспэртызы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Сьледзтва кваліфікавала дзеяньні грамадзяніна Беларусі паводле ч. 3 артыкулу 30 (замах) і пунктаў «в, і» ч. 2 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу РФ (забойства). Паводле апошняга артыкулу беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 20 гадоў з абмежаваньнем свабоды да двух гадоў, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.
Паводле зьвестак выданьня «Наша ніва», у справе фігуруе грамадзянін Беларусі Ўладзімер В., ураджэнец пасёлку Новая Гута Гомельскага раёну. Пэўны час працаваў у Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, пасьля пераехаў у Белгарадзкую вобласьць Расеі.
Працаваў на рабочых спэцыяльнасьцях у розных рэгіёнах Расеі. У інтэрнэце ёсьць сьведчаньні, што ён пакідаў некалькі заявак на мікрапазыкі на розныя сумы.
Форум