Гэта адказ Тэгерану на бамбардаваньні амэрыканскімі войскамі іранскіх ядзерных аб’ектаў. Улады Ірану абвясьцілі па дзяржаўнай тэлевізіі, што атакавалі амэрыканскія войскі, разьмешчаныя на катарскай авіябазе Аль-Удэйд. У подпісе на экране гучала ваенная музыка, якая называла гэта «магутным і пасьпяховым адказам» на «агрэсію Амэрыкі», перадае Associated Press.
Як паведамляе Axios, усяго было запушчана 7 ракет. Гэта значна менш, чым пры зваротных ударах Ірану па Ізраілі.
Міністэрства абароны Катара падрыхтавала заяву ў адказ на атаку балістычнымі ракетамі з боку Ірана:
«Міністэрства абароны абвясьціла, што катарскія сродкі супрацьпаветранай абароны пасьпяхова перахапілі ракетны ўдар, накіраваны на авіябазу Аль-Удэйд. Дзякуючы Богу, пільнасьці Ўзброеных сіл і прынятым мерам засьцярогі, у выніку інцыдэнту ніхто не загінуў і не пацярпеў».
Міністэрства пацьвердзіла, што паветраная прастора і тэрыторыя Дзяржавы Катар «бясьпечныя», і што Ўзброеныя сілы Катара заўсёды цалкам гатовыя супрацьстаяць любой пагрозе. Міністэрства абароны таксама раіць грамадзянам і жыхарам сачыць за афіцыйнымі крыніцамі дырэктыў і апошнімі падзеямі.
Атака адбылася ўжо пасьля таго, як Катар закрыў сваю паветраную прастору.
Непасрэдна перад выбухамі прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян напісаў у сацыяльнай сетцы X: «Мы не пачыналі вайны і не шукалі яе. Але мы не пакінем уварваньне ў вялікі Іран без адказу».
Катар і Іран падзяляе Пэрсыдзкая затока. Катар падтрымлівае дыпляматычныя адносіны з Іранам і мае сумеснае з Тэгеранам велізарнае марское радовішча прыроднага газу.
У Катары была атакаваная Вайскова-паветраная база Аль-Удэйд. На ёй, акрамя амэрыканскіх ВПС, базуюцца падразьдзяленьні войска Катару і Вялікай Брытаніі. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца відэа працы СПА у раёне аб’екту.
Улады Катара і ААЭ закрылі паветраную прастору. Ва ўсім рэгіёне дрэнна працуе GPS-навігацыя. Амбасада ЗША ў горадзе Доха параіла грамадзянам у якасьці мераў засьцярогі схавацца ў сховішчах да далейшага апавяшчэньня. Адпраўленыя ва ўкрыцьце супрацоўнікі амэрыканскай амбасады ў Бахрэйне, перадае CNN.
Раней Іран паабяцаў адказаць на бамбардаваньні Злучанымі Штатамі ядзерных аб’ектаў на тэрыторыі краіны. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў нядзелю заявіў, што адказ з боку Тэгерана будзе «самым дурным, што калі-небудзь рабіў Іран». Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля нападу сабраў тэрміновую нараду з вышэйшым кіраўніцтвам ЗША, перадае Fox News.
Пазьней зьявіўся допіс прэзыдэнта Трампа ў ягонай сетцы TruthSocial, у якім ён паведаміў, што ні сярод амэрыканцаў, ні сярод катарцаў не было ані забітых, ані параненых. У іншым допісе Трамп падзякаваў Ірану за папярэджаньне пра ўдар і выказаў спадзеў, што яшчэ магчымае дасягненьне міру ў рэгіёне.
Форум