Паводле крыніцы, ціск на вязьняў, якія носяць на вопратцы жоўтыя біркі «схільных да экстрэмізму» апошнім часам зноў павялічыўся.
«Яшчэ пару гадоў таму было гэтак, што адміністрацыя скрозь пальцы глядзела на кантактаваньне палітычных паміж сабой. Яны маглі сабрацца ў кампанію, нешта сваё абмяркоўваць, разам гулялі вакол бараку, чыталі газэты. Цяпер жа часьцей паасобку трымаюцца, бо гэта стала цалкам небясьпечна. Ім катэгарычна забаранілі любыя кантакты паміж сабой, акрамя як стаяць у шыхце ў галаве атраду. У дворыку разам іх ужо не пабачыш. Яшчэ відэакамэру можна абыйсьці, але ад стукачоў не схаваесься. Толькі паступае сыгнал, што зь некім пагаварыў, чалавека адразу саджаюць у ШЫЗА», — распавёў былы вязень 15-ай калёніі.
Паводле крыніцы, увогуле ахоўнікі сталі больш прыдзірліва ставіцца да палітычных вязьняў, любое парушэньне парадку зь іх боку, нават самае нязначнае, цяпер падстава для сур’ёзнага пакараньня.
«За самае дробнае парушэньне — адразу ШЫЗА. Нейкая лішняя рэч у тумбачцы, шкарпэткі ня там пакладзеныя ці на шкарпэтках нейкі малюнак, гузік не зашпілены, недакладна стаіць у шыхце — адразу рапарт, а потым самае жорсткае пакараньне, без саступкі. Зусім ім цяжка стала», — распавёў былы вязень пра стаўленьне да палітычных.
Чалавек, які перадаў гэтую інфармацыю «Свабодзе», быў засуджаны па 328, наркатычным артыкуле. Ён згадаў, што спачатку, як ціск на палітычных пачаў павялічвацца, іншыя вязьні ўздыхнулі з палёгкай, бо адчулі менш увагі да сябе з боку кантралёраў і апэратыўных супрацоўнікаў. Але паступова парадкі сталі невыноснымі для ўсіх. «Людзі абураліся, але што зробіш», — перадаў агульны настрой у калёніі былы вязень «пятнашкі».
За мінулыя два гады беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі супраць тых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці, хто заклікае Захад да больш жорсткіх санкцый адносна рэжыму. Пры гэтым гучаць галасы, што санкцыі маглі б зьмякчыць, калі б утрыманьне палітвязьняў у вязьніцах стала не такім жорсткім. Пра прычыны, чаму гэтага не адбываецца, пагаварылі з праваабаронцам «Вясны», былым палітвязьнем Леанідам Судаленкам.
«Рэжым утрыманьня палітвязьняў не становіцца больш гуманным, але з дыскусіяй пра санкцыі гэта ніяк не зьвязана. Лукашэнка ў 2020 годзе моцна напалохаўся за сваю ўладу, у яго дагэтуль пануе страх, таму ён думае толькі пра тое, каб ціснуць, не даваць ані малога паслабленьня. Пэрыядычна ад яго прыходзяць каманды ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў аб новым ціску на палітычных, вось у калёніях гэтыя загады і выконваюць. Яшчэ ў 22-ім годзе, калі я патрапіў у калёнію, палітычныя маглі разам сабрацца і кантралёры на гэта не зьвярталі ўвагі, а цяпер мы маем шмат сыгналаў, што такое стала немагчыма», — адзначыў праваабаронца «Вясны». Паводле Судаленкі, новыя парадкі ў вязьніцах значна пагаршаюць умовы, у якіх знаходзяцца палітвязьні.
«Канешне, гэта жахліва. Бо там нават кароткія стасункі насамрэч дапамагаюць выжыць, не разгубіцца, захаваць годнасьць. Без такіх кантактаў палітычным там і пагаварыць няма з кім», — згадаў свой досьвед палітвязьня Леанід Судаленка.
Паводле крыніцы з папраўчай калёніі № 15, шмат для каго з палітычных застаецца праблемай недахоп нармальнага харчаваньня.
«Сярод палітычных шмат хто моцна схуднеў. Атаварка ў іх абмежаваная, ня тое што вітамінаў не хапае — звычайнай ежы. Некаторыя нават чорны хлеб са сталовай выносяць, хаваюць па кішэнях, каб па-ціхаму пад’есьці. Але гэта забаронена, за гэта караюць», — распавёў былы вязень беларускай калёніі.
Форум