«Мы патрабуем ад уладаў Беларусі вызваліць усіх нашых калег з турмы і спыніць перасьлед толькі за выказваньне імі свайго меркаваньня. Мы заклікаем урады дэмакратычных краін падтрымаць гэтыя патрабаваньні на дыпляматычным узроўні», — адзначаецца ў заяве, ухваленай на пасяджэньні выканаўчага камітэту арганізацыі, што прайшло ў рамках штогадовага сходу IFJ у Манрэалі (Канада).
У заяве адзначаецца, што «нягледзячы на тое, што з моманту пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году прайшло амаль пяць гадоў, рэпрэсіі ў краіне супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасьці ня зьменшыліся».
«Прынамсі, сорак нашых калег цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Некаторыя зь іх былі асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі (8, 13, 14, 15 гадоў) толькі за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў. Беларускія ўлады разглядаюць журналісцкую працу як „экстрэмісцкую дзейнасьць“, „арганізацыю масавых беспарадкаў“ або „здраду дзяржаве“», — адзначаецца ў заяве.
У дакумэнце таксама нагадалі, што ў «Індэксе свабоды прэсы 2025 году» Беларусь займае 166-е месца з 180 краін сьвету, а Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), як і многія незалежныя СМІ і арганізацыі ў краіне, абвешчаныя «экстрэмісцкімі» арганізацыямі.
У рамках форуму ў Манрэалі адбыліся фотавыстава «Беларусь: мэдыятурма ў сэрцы Эўропы» і акцыя салідарнасьці са зьняволенымі беларускімі журналістамі. Паводле інфармацыі БАЖ, цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца 39 працаўнікоў мэдыя.
Форум