Улады Грузіі ўзмацняюць жорсткасьць правілаў перабываньня замежных грамадзян на тэрыторыі краіны. Пра гэта сказаў 9 чэрвеня выканаўчы сакратар кіроўнай партыі «Грузінская мара».
«У крымінальны кодэкс дадаецца новы від пакараньня — выправаджэньне іншаземца з Грузіі і забарона на ўезд у Грузію на пэўны тэрмін. У кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях таксама дадаецца новы від адміністрацыйнага пакараньня — выправаджэньне іншаземца з Грузіі і забарона на ўезд іншаземца ў Грузію», — сказаў Мамука Мдынарадзэ.
Таксама ён падкрэсьліў, што ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы дададуць новыя віды пакараньняў. І таксама зазначыў, што будуць значна павялічаны штрафы для іншаземцаў, якія парушылі правілы перабываньня ў Грузіі, піша «Вестник Кавказа».
Акрамя таго, улады істотна спросьцяць працэдуру дэпартацыі тых, каго палічаць «нелегаламі», з краіны.
Раней у Грузіі набыў моц новы закон аб «іншаземных агентах». «Грузінская мара» адпрэчвала абвінавачваньні з боку апазыцыі ў тым, што закон напісаны паводле расейскага ўзору. На мінулым тыдні ў краіне пачала працаваць старонка для іх рэгістрацыі.
У Грузіі працягваюцца пратэсты супраць ураду, сфармаванага «Грузінскай марай», якую апазыцыя лічыць прарасейскай партыяй. Аднак маніфэстацыі за апошнія тыдні істотна страцілі сваю сілу.
Праблемы зь перабываньнем у Грузіі паўсталі ў многіх грамадзянаў Беларусі, якія вымушана пакінулі радзіму пасьля пратэстаў 2020 году. Многіх не ўпусьцілі ў краіну пасьля спробы «візарану» — вяртаньня ў Грузію з суседняй Армэніі ды іншых краінаў. Частцы не даюць дазволаў на жыхарства.
Форум