Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі памерлага ў ЗША Аляксандра Класкоўскага-малодшага хочуць пахаваць яго ў Беларусі


Аляксандар Класкоўскі (зьлева) у часе акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Архіўнае фота
Аляксандар Класкоўскі (зьлева) у часе акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Архіўнае фота

Сваякі Аляксандра Класкоўскага зьвярнуліся па дапамогу ў арганізацыі рэпатрыяцыі цела ў Беларусь і ягонага пахаваньня.

Сястра памерлага ў ЗША Аляксандра Класкоўскага Вольга паведаміла, што сваякі хацелі б яго пахаваць у Беларусі.

«Вельмі хацелася б пахаваць яго ў Беларусі, але ня ведаю, наколькі гэта рэальна», — напісала Вольга Класкоўская.

Сваякі Аляксандра Класкоўскага зьвярнуліся ў Фонд салідарнасьці BySol з просьбай дапамагчы сабраць сродкі на рэпатрыяцыю цела ў Беларусь і іншыя выдаткі, зьвязаныя з пахаваньнем.

У Беларусі блізкіх сваякоў у сям'і не засталося.

Аляксандар Класкоўскі (малодшы) нарадзіўся 26 верасьня 1978 году ў сям’і вядомых беларускіх журналістаў Аляксандра і Людмілы Класкоўскіх.

У 1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёну Менску, быў інспэктарам ДПС. У 2005 годзе вымушана пакінуў МУС у званьні лейтэнанта міліцыі.

Апрануўшыся ў міліцэйскую форму, браў удзел у акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Затрымалі яго ў ноч на 21 сьнежня, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раёну Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.

Пасьля ўзмацненьня рэпрэсіяў у 2020 годзе Аляксандр разам зь сям’ёй быў вымушаны хавацца ад перасьледу ў замежжы. У 2024 годзе эміграваў у ЗША разам з жонкай і трыма дзецьмі.

4 чэрвеня 2025 году Аляксандар раптоўна памёр, прычынай, як мяркуецца, стаў сардэчны прыступ. Цела каля дому знайшлі суседзі, цяпер праводзяць экспэртызу. Аляксандру было 46 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG