Сьцісла:
- Пасьля 2020 году статус МЗС і ягонага кіраўніка ў рамках лукашэнкаўскага рэжыму значна панізіўся. Максім Рыжанкоў прыйшоў у МЗС у цяжкі час, фактычна на руіны беларускай замежнай палітыкі.
- Рыжанкоў імкнуўся выціснуць максымум зь цяперашняга візыту ў Маскву, стараўся зрабіць яго заўважным для мэдыяў. І моцна хацеў спадабацца Маскве.
- Другі кірунак набыцьця палітычнай вагі МЗС, які абраў Рыжанкоў, — гэта імкненьне рэалізаваць новую функцыю, нехарактэрную для замежнапалітычных ведамстваў іншых краін. Гэта функцыя прапаганды.
Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў нанёс візыт у Маскву. Здавалася б, для беларускага МЗС на сёньня гэта дыпляматычная рутына. Аднак для цяперашняга міністра гэта першы афіцыйны візыт да найбліжэйшага саюзьніка. Менавіта таму праграма візыту была насычанай.
Акрамя перамоваў з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым, у праграме былі сустрэча кіраўніка МЗС Беларусі з прадстаўнікамі СМІ Расеі, выступ перад расейскімі і беларускімі студэнтамі вядучых маскоўскіх ВНУ, ускладаньне кветак да воінскіх мэмарыялаў у Аляксандраўскім садзе Масквы і наведваньне аднаго з маскоўскіх ваенных музэяў.
Тут важны кантэкст, у межах якога адбываўся візыт. Рэч у тым, што пасьля 2020 году статус МЗС і ягонага кіраўніка ў рамках лукашэнкаўскага рэжыму значна панізіўся.
Калі міністрам замежных справаў быў Уладзімер Макей, палітычная вага МЗС у межах беларускай палітычнай сыстэмы была даволі высокай. Вядома ж, гэта ў значнай ступені абумоўлівалася асобай тагачаснага кіраўніка замежнапалітычнага ведамства. Макей пэўны час узначальваў адміністрацыю прэзыдэнта, быў фактычна другім чалавекам у кіроўнай герархіі. І нават узначаліўшы МЗС, ён у значнай ступені захаваў палітычную вагу.
Але ня толькі асоба Макея падвышала статус МЗС. Быў яшчэ адзін важны чыньнік. МЗС атаясамліваўся з заходнім вэктарам замежнай палітыкі, манапольна адказваў за адносіны з ЭЗ і ЗША. У 2010-я гады гэты кірунак быў важным ня толькі з гледзішча чыста замежнай палітыкі. Ён быў чыньнікам агульнага палітычнага пазыцыянаваньня Беларусі, вобразу Лукашэнкі.
Беларусь як донар рэгіянальнай бясьпекі, Менск як другая Жэнэва ці Хэльсынкі, беларускі кіраўнік як міратворац — гэтыя наратывы сталі часткай афіцыйнага ідэалягічнага канструкту. Невыпадкова і сымбалічна, што тая эпоха адышла разам з чалавекам, які яе ўвасабляў, — Уладзімерам Макееем.
Максім Рыжанкоў прыйшоў у МЗС у цяжкі час, фактычна на руіны беларускай замежнай палітыкі. Да таго ён паўгоду выконваў абавязкі кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. І фактычна паўтарыў кар’ерны шлях Макея. Аднак, як вядома, гісторыя часта паўтараецца ў выглядзе фарсу.
Пасьля 2020, а яшчэ ў большай ступені пасьля 2022 году заходні вэктар замежнай палітыкі Беларусі дэ-факта зьнік. Адносінамі з Расеяй МЗС рэальна ніколі не займаўся. Дачыненьні з галоўным саюзьнікам манапалізаваў сам Лукашэнка, яны разьвіваюцца на лініі прэм’ераў, іншых ведамстваў: міністэрстваў эканомікі, абароны, КДБ і інш.
Што застаецца для МЗС? Правільна, адносіны з краінамі Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі, якія ў рэальнасьці мала што даюць Беларусі. І гэта ўсе разумеюць. Вось нават падчас нядаўняга візыту Лукашэнкі ў Кітай міністра замежных справаў у складзе беларускай дэлегацыі не было бачна. Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў быў, сын Коля быў, а Максіма Рыжанкова не было. МЗС выціснутае на абочыну, у маргінэс.
Аднак Рыжанкоў — чыноўнік з амбіцыямі. Ён адчайна змагаецца за падвышэньне статусу МЗС і свайго асабістага. Якім чынам? Найперш гэта павелічэньне ролі МЗС у стасунках з Расеяй. Таму Рыжанкоў імкнуўся выціснуць максымум з цяперашняга візыту ў Маскву, стараўся зрабіць яго заўважным для мэдыя, нарабіць шмат шуму. І, што вельмі важна, моцна хацеў спадабацца Маскве. У прыватнасьці, Рыжанкоў спаборнічаў з Лаўровым у тым, хто мацней абразіць суседзяў, краіны Балтыі. Спадабацца ўдалося. Але дэманстрацыя адданасьці іншай краіне як спосаб падвышэньня ўласнага статусу — склізкі шлях для міністра замежных справаў. «Ярлык» ад сталіцы мэтраполіі — клясыка каляніяльнага жанру.
Другі кірунак набыцьця палітычнай вагі МЗС, які абраў Рыжанкоў, — імкненьне рэалізаваць новую, дадатковую функцыю, нехарактэрную для працы замежнапалітычных ведамстваў іншых краін. Гэта функцыя прапаганды. МЗС усё больш дублюе Міністэрства інфармацыі, канкуруе зь ім. І тон задае сам Рыжанкоў. Ягоныя рэзкія, агрэсіўныя, зусім не дыпляматычныя, часам скандальныя заявы на адрас Захаду маюць больш прапагандысцкі характар. Іншы раз выглядае, што Рыжанкоў ня гэтулькі міністар замежных справаў, колькі міністар прапаганды.
Вось і ў інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» Рыжанкоў, разважаючы пра расейска-ўкраінскую вайну, паўтарыў поўны набор прымітыўных прапагандысцкіх наратываў, у тым ліку грубы фэйк пра целы ўкраінскіх вайскоўцаў, якія нібыта Ўкраіна ня хоча забіраць.
Камэнтуючы палітыку краінаў Балтыі, Максім Рыжанкоў загаварыў тонам і лексыконам Грыгорыя Азаронка. Паводле Рыжанкова, гэта «маргінальныя дзяржавы», там «развал эканомікі», «30-40 гадоў — і ніхто ня ўспомніць латыскую мову», яны «дэградуюць», знаходзяцца на «ўскраіне цывілізацыі», «равуць як бялугі з жоўцю і азьвярэньнем».
Калі міністар замежных справаў спускаецца да ўзроўню адыёзнага прапагандыста, то гэта шмат што кажа пра беларускую замежную палітыку.
Форум