«Выдатная арэна, як і новы басэйн міжнароднага ўзроўню, спраектаваныя і пабудаваныя нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі», — цытуе Лукашэнку БелТА.
«Спадзяюся, у недалёкай будучыні нараўне з таварыскімі гульнямі, матчамі нацыянальнага чэмпіянату мы зможам прымаць тут афіцыйныя міжнародныя сустрэчы і атрымліваць асалоду ад выступу найлепшых футбалістаў сьвету», — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама сказаў, што пры ўваходзе на стадыён добра было б паставіць помнік ягонаму сябру Сі Цзіньпіну, «бо толькі дзякуючы яму, прыняўшы рашэньне, кітайцы пабудавалі за свой кошт гэты бліскучы стадыён, як міністар сказаў, якіх мала ў Эўропе».
За тры дні да адкрыцьця стадыёну Лукашэнка акурат вярнуўся з чарговага візыту ў Кітай.
У Беларусі даўно вялася размова пра патрэбу ў сучасным футбольным стадыёне, бо «Дынама» ўжо не адпавядаў сучасным міжнародным патрабаваньням.
У 2010-м за ягонае будаўніцтва ўзяўся літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў. Ён валодаў банкам у Літве і шатляндзкім футбольным клюбам. У 2013-м банк Раманава збанкрутаваў, а будаўніцтва спынілася.
У 2020-м за будаўніцтва стадыёну ўзяліся кітайцы.
10 фактаў пра новы стадыён
- Разьмешчаны каля абноўленага стадыёну «Трактар» (1968 году пабудовы) побач з плошчай Ванеева.
- Умяшчае 33 000 гледачоў.
- Мае натуральнае травяное поле памерам 105×68 м, якое адпавядае патрабаваньням ФІФА.
- Абсталяваны сыстэмамі падагрэву і паліву.
- Мае два вялікія экраны.
- За парадкам сочаць больш як 400 камэр відэаназіраньня.
- Ёсьць VIP-зоны, заля для прэс-канфэрэнцый на 230 месцаў, дзіцячы цэнтар, фітнэс-клюб, кавярня, гандлёвая зона і валянтэрскі цэнтар.
- На паркоўцы 307 месцаў, зь іх 20 для аўтобусаў.
- Перад стадыёнам усталявана сымбалічная скульптура «Два футбалісты» зь беларускім і кітайскім футбалістамі ў кальцы, пад якімі — глёбус з выдзеленымі КНР і Беларусьсю, злучанымі залатой стужкай.
- У дзень адкрыцьця адбыўся таварыскі матч паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Кітая, які завяршыўся нічыёй 1:1. Першы гол на новым стадыёне забіў беларускі футбаліст Мікіта Баранок.
Форум