Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзін мабільны апэратар верне безьлімітныя тарыфы, а іншы адклаў іх закрыцьцё


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аб пераглядзе раней агучаных рашэньняў па архіўных безьлімітных тарыфах апэратары сувязі А1 і МТС праінфармавалі 6 чэрвеня на сваіх сайтах.

Раней абедзьве кампаніі заявілі, што ў чэрвені спыняць абслугоўваньне абанэнтаў па асобных архіўных тарыфах, піша дзяржаўнае агенцтва „Минск-новости“. Людзям заставалася самім выбраць які-небудзь тарыф з актуальных ці дачакацца аўтаматычнага пераводу на той, які вызначыў сам апэратар як найбольш блізкі па наборы паслуг.

Цяпер апэратар A1 паведаміў, што дадаткова вывучыў зацікаўленасьці абанэнтаў у выбары тарыфаў, прапанаваных кліентам у якасьці альтэрнатывы тым, якія раней сталі архіўнымі. У выніку вырашана вярнуць тарыфы іх карыстальнікам. Гаворка пра лінейку „Безь ліміту“. Заяўлена, што для іх умовы абслугоўваньня застануцца ранейшымі.

Падрабязьней аб тым, як можна будзе аднавіць абслугоўваньне, кампанія абяцае неўзабаве расказаць на афіцыйнай старонцы. Гэтыя тарыфы захаваюць статус архіўных, новых падлучэньняў па іх не прадугледжана.

З заявы МТС вынікае, што пераносіцца тэрмін закрыцьця архіўных тарыфаў „Безьліміцішча“, „Безліміцішча+“, „Безліміцішча Х“ і „Безліміцішча 2.0“. Іх абанэнты пакуль змогуць карыстацца імі на ранейшых умовах. Тым, хто ўжо зьмяніў адзін з гэтых тарыфаў на фоне навінаў аб іх закрыцьці, дазволяць на яго вярнуцца.

Сытуацыю пракамэнтавалі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Там адзначылі, што карыстальнікі скардзіліся, у тым ліку ў інтэрнэце, на закрыцьцё названых тарыфаў і перавод на тыя, якія фінансава больш цяжкія. Таму ў МАРГ запрасілі прадстаўнікоў кампаній-апэратараў на працоўную сустрэчу 5 чэрвеня. Па яе выніках апэратары аб’явілі аб вяртаньні абанэнтаў на ранейшыя ўмовы абслугоўваньня.

Раней органы статыстыкі Беларусі падлічылі колькасьць абанэнтаў сетак сотавай рухомай электрасувязі. Іх на канец мінулага году было амаль 11,9 млн., або 130 на сотню жыхароў краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG