Чакаецца завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні фізычнай асобы за магчымыя крымінальныя злачынствы, зьвязаныя з незаконным увозам у Латвійскую Рэспубліку тавараў, якія трапляюць пад санкцыі, а таксама за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры.
«Забясьпечваючы выкананьне санкцый, уведзеных Эўрапейскім зьвязам у верасьні 2023 году, супрацоўнікі Мытнай адміністрацыі правялі мытны кантроль транспартнага сродку, які ўехаў у Латвійскую Рэспубліку з Рэспублікі Беларусь. Пры праверцы суправаджальных дакумэнтаў на партыю драўняных пэлетаў у мытнікаў узьніклі падазрэньні ў сапраўднасьці прадстаўленага ўзбэцкага сэртыфікату паходжаньня», — гаворыцца ў паведамленьні Дэпартамэнту.
Тавар затрымалі на мяжы дзеля дадатковай праверкі.
У час дасудовага расьсьледаваньня выявілася, што асоба, дзейнічаючы ў інтарэсах гандляра, зарэгістраванага ў Латвіі, арганізавала ўвоз на тэрыторыю Латвіі 174 грузаў драўняных пэлетаў і брыкетаў з сакавіка па верасень 2023 году. З мэтай утойваньня інфармацыі аб сапраўднай краіне паходжаньня тавару — Рэспубліцы Беларусь — былі выкарыстаны падробленыя суправаджальныя дакумэнты, у якіх у якасьці краіны паходжаньня была пазначана Рэспубліка Узбэкістан.
Названыя тавары знаходзіліся пад санкцыямі, уведзенымі ЭЗ, а іх агульны мытны кошт перавысіў 835 000 эўра. Акрамя таго, было неабгрунтавана ўжытае права на вылік уваходнага падатку, у выніку чаго дзяржаўнаму бюджэту былі нанесеныя страты ў памеры больш за 173 000 эўра.
У рамках крымінальнага працэсу пачалі справу аб ужываньні сродкаў прымусу да юрыдычнай асобы — камэрсанта, зарэгістраванага ў Латвіі, у інтарэсах якога былі зьдзейсьненыя меркаваныя крымінальныя злачынствы.
Крымінальную справу накіравалі ў пракуратуру Латгальскага акруговага суду ў траўні.
2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасьля пачатку паўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны, якую падтрымаў рэжым Лукашэнкі ў Менску, Эўразьвяз задзейнічаў пакет санкцый, які сярод іншага прадугледжвае забарону на пастаўку ў краіны ЭЗ беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранулаў, фанэры і драўняных пэлетаў.
Форум