Сьцісла:
- Пакуль усе падлічваюць, колькі ў Расеі засталося самалётаў, робіцца пераключэньне ўвагі на тое, што ўзятая чарговая вёска.
- Беларускія праўладныя рэсурсы можа і спачуваюць радыкальным Z-блогерам, але ня могуць сабе дазволіць крытыкаваць Крэмль
- Яны ня кажуць, хто бамбіць украінскія гарады, хто ўвогуле пачаў гэтую вайну.
- Польскія выбары прапаганда камэнтавала даволі актыўна, і пры гэтым даволі адкрыта падтрымлівала Наўроцкага.
- Для таго, каб стварыць карціну сьвету, дзе «нашы перамагаюць», — польскія выбары былі выкарыстаныя напоўніцу.
— Як беларуская прапаганда адрэагавала на ўкраінскі ўдар па расейскіх аэрадромах? Адбылася ўнікальная і гістарычная падзея, ці пасьпела прапаганда сфармуляваць сваё стаўленьне — з улікам таго, што сам Лукашэнка на гэтую тэму пакуль не выказваўся?
— На афіцыйных каналах ёсьць пэўная стрыманасьць, і пераважна даецца афіцыйная вэрсія расейскага боку, якая яўна прымяншае маштаб таго, што адбылося. У тэлеграм-каналах, такіх як «Жоўтыя сьлівы» і «Беларусі сілавік», заўсёды адкрыта выказваюцца наконт таго, на чыім яны баку — на расейскім.
І там выкарыстоўваюцца розныя мэтады для дыскрэдытацыі Ўкраіны і абяленьня любых дзеяньняў расейскага боку. Напрыклад, зьявілася тэма, што ўкраінскія спэцслужбы вярбуюць зэкаў, сьцьвярджаецца, што ўкраінцы выкарыстоўваюць людзей «уцёмную». Было жаданьне згуляць на эмоцыях, узьняць тэму, ці этычныя такія дзеяньні падчас вайны. І ўсё гэта супрацьпастаўляецца «гераічным расейскім воінам».
Акрамя іншага, увесь час прасоўваецца ідэя, што Расея ня толькі кантралюе сытуацыю, але і вельмі блізкая да перамогі, бо Расея атрымала кантроль над нейкай чарговай вёскай у Сумскай вобласьці. Што суправаджаецца словамі «брава, сапраўдныя тыгры» і гэтак далей
Відавочна, такі інфармацыйны фон ствараецца для таго, каб кампэнсаваць нэгатыўны эфэкт ад атакі на расейскую стратэгічную авіяцыю. І пакуль усе падлічваюць, колькі ў Расеі засталося самалётаў пасьля гэтай атакі, то тут робіцца пераключэньне ўвагі на тое, што ўзятая чарговая вёска.
— То бок беларускія прапагандысты не падтрымліваюць выказваньні тых праваенных расейскіх блогераў, якія нема крычаць пра жорсткую паразу і патрабуюць рэзкага адказу ад Масквы?
— Так, беларускія прапагандысты займаюць пазыцыю, больш блізкую да расейскага афіцыёзу, чым да аўтаномных праваенных блогераў, якія крытыкуюць расейскае кіраўніцтва за мяккасьць і пэўныя недахопы. Беларускія праўладныя рэсурсы можа і спачуваюць гэтым больш радыкальным Z-блогерам, але ня могуць сабе дазволіць крытыкаваць Крэмль.
— Як беларуская прапаганда асьвятляе розныя этапы перамоваў паміж Украінай і Расеяй? Ці яны робяць вінаватым Кіеў ці шчыра прызнаюцца, што замірэньне не патрэбнае самой Маскве?
— Як беларускі афіцыёз —ОНТ, БелТА — так і тэлеграм-каналы вельмі падрабязна справаздачацца пра перамовы, перадрукоўваючы расейскія афіцыйныя крыніцы. Праводзіцца наступны наратыў — «Расея прапануе мір, а Ўкраіна не жадае». Актыўна цытуецца расейскі прадстаўнік Мядзінскі, актыўна высьмейваецца ўкраінская пазыцыя.
То бок яны спрабуюць дыскрэдытаваць любую пазыцыю Украіны, і пры гэтым ня прадстаўляюць Расею як гуманную дзяржаву, якая дзейнічае паводле Жэнэўскіх канвенцыяў. Яны ня кажуць, хто бамбіць украінскія гарады, хто ўвогуле пачаў гэтую вайну. Калі нейкі чалавек спажывае толькі гэтыя СМІ і ня ведае кантэксту, дзякуючы такой сэлектыўнай падачы фактаў яму падсоўваецца выснова пра тое, што тут правы, а хто вінаваты. Нават лексыка адмыслова падбіраецца асобная, каб апісаць пазыцыю Расеі і Ўкраіны.
— Дарэчы, а ці рэагавала беларуская прапаганда на іранічныя рэплікі Пуціна на адрас беларускай бульбы, і на адрас самога Лукашэнкі?
— Гэта яны фактычна абмінулі. Навошта ім на гэта зьвяртаць увагу? Бо задача прапагандысцкай машыны — пацьвярджаць легітымнасьць кіроўнага рэжыму, казаць, што ўсе яго паважаюць, бо ён устойлівы, стабільны і гэтак далей. А абмеркаваньне такіх рэплік можа спрацаваць адмоўна для гэтай мэты.
Вось візыт Лукашэнкі ў Кітай яны, вядома, актыўна прапагандуюць. І абсалютна ня згадваецца мінулая гісторыя, калі Лукашэнка перад прэзыдэнцкімі выбарамі абвясьціў пра свой візыт у Кітай, але візыт не адбыўся, бо яго ніхто не запрашаў.
— Як прапаганда адрэагавала пра прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы? Выглядае, што пераможца Караль Наўроцкі для іх ідэалягічна бліжэйшы за лібэральнага кандыдата Рафала Тшаскоўскага. Але зь іншага боку, уся Польшча без выключэньня даўно малюецца як вораг. Як яны вырашалі гэтую дылему?
— Камэнтавалі даволі актыўна, і пры гэтым даволі адкрыта падтрымлівалі Наўроцкага. Але тут ёсьць некалькі ўзроўняў.
Па-першае, яны падкрэсьлівалі кантраст — «хаос» на Захадзе і «стабільнасьць» у Беларусі. Яны там на Захадзе ня ведаюць, хто будзе прэзыдэнтам, а ў нас усё зразумела і стабільна.
Па-другое, дыскрэдытацыя Захаду як партнэра. Пры гэтым антызаходняя рыторыка ў тым ліку абапіраецца на выказваньні Наўроцкага, якога ў пэўным сэнсе можна ахарактарызаваць як эўраскептыка, што падаецца як сур’ёзная крытыка Эўропы.
Трэці ўзровень — ідэалягічна-культурны. Супрацьпастаўленьне «традыцыйных» каштоўнасьцяў і лібэральных, падрыў веры ў тое, што дэмакратыя працуе. Беларускія дзяржаўныя мэдыя падбіраюць у гэтым рэчышчы крытычныя выказваньні польскіх палітыкаў, аналітыкаў. Караль Наўроцкі падаецца беларускай прапагандай як выратавальнік Польшчы, абаронца традыцыйных каштоўнасьцяў.
Яны актыўна зьвяртаюць увагу на ўвесь бруд, які выліваўся падчас выбарчай кампаніі, ён падрабязна цытуецца са смакаваньнем. Але потым аказваецца, што Наўроцкі ў прынцыпе правільны палітык, мае канструктыўную пазыцыю.
— Гэтая падтрымка Наўроцкага была ня толькі пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў — яна была ўсю кампанію?
— Падтрымка ягонай пазыцыі як прыхільніка традыцыйных каштоўнасьцяў была заўсёды. Адзначалася і тое, што ён супраць уступленьня Ўкраіны ў NATO. Бо гэта добра накладаецца на іншыя стратэгічныя наратывы беларускай прапаганды — напрыклад, што Захад стаміўся падтрымліваць Украіну, што ёсьць жаданьне зьменшыць выдаткі на Ўкраіну і гэтак далей. І тут якраз можна працытаваць польскіх кандыдатаў у прэзыдэнты, нават не аднаго, — якія выказваліся прыблізна ў такім самым рэчышчы.
Для таго, каб стварыць карціну сьвету, дзе «нашы перамагаюць», — польскія выбары былі выкарыстаныя напоўніцу.
Форум