Камэнтуючы для Свабоды беларускі кантэкст украінскай апэрацыі «Павуціна», Марозаў параўноўвае яе з такімі маштабнымі падзеямі за тры гады вайны як украінскае пранікненьне ў Курскую вобласьць і мяцеж Прыгожына. Усе тры падзеі, паводле палітоляга, уплывалі і ўплываюць на хаду вайны.
Што да патэнцыйнага ўплыву на Беларусь, Марозаў адзначае некалькі важных аспэктаў:
— Па-першае, для Аляксандра Лукашэнкі гэта эскаляцыя вайны. Гэта значыць, яе інтэнсіўнасьць не зьніжаецца, а наадварот толькі ўзрастае, незалежна ад таго, як ідуць перамовы і як яны будуць ісьці далей. Мы выразна бачым, што адбылося расслойваньне на дзьве лініі. Адна лінія — гэта бясконцыя кансультацыі, што могуць адбывацца ў Стамбуле: другі раунд, трэці, чацьвёрты... Гэта асобная лінія, якая нікуды не вядзе. А іншая — гэта хада ваенных падзей, як на зямлі, так і ў дронавай вайне. І калі казаць менавіта пра вайну, яна ідзе ўгару. Для Лукашэнкі гэта мае прынамсі тры ці чатыры сур’ёзныя наступствы.
Паводле палітоляга Аляксандра Марозава, існуе вялікая імавернасьць, што такая хада вайны ў 2025 годзе прывядзе да частковай блякады партоў на Балтыйскім моры, што будзе мець наступствы для Беларусі. Па-другое, калі вайна працягнецца такім жа чынам, будуць наступствы і для гандлёвых шляхоў праз Украіну, якія для Беларусі вельмі важныя, адзначае расейскі палітоляг:
— Трэці істотны момант — калі вайна ідзе ўгару, то вялікая імавернасьць таго, што ў нейкі момант (і Лукашэнка гэта дакладна разумее) Расея запатрабуе ўдзелу беларускіх вайскоўцаў, і Пуцін будзе ўздымаць гэтае пытаньне, асабліва калі ў Крамля справы пойдуць кепска. А на сёньняшні дзень яшчэ ня ясна, якой будзе сытуацыя да канца 2025 года. Пакуль усе бачаць, што ў расейска-ўкраінскай вайне існуе пэўны парытэт. Расейскія войскі не дабіваюцца радыкальных посьпехаў, ім не ўдаецца праламаць украінскі фронт. Украіна, са свайго боку, досыць пасьпяхова дэманструе гэты парытэт — наносіць цяжкія ўдары, праводзіць пасьпяховыя дывэрсійныя апэрацыі і гэтак далей.
Але калі сытуацыя зрушыцца, і Крэмль сутыкнецца зь вялікімі праблемамі, то Пуцін несумненна будзе аказваць ціск і прасіць Лукашэнку пра ўдзел Беларусі. Гэта не абавязкова будзе азначаць адкрыцьцё другога фронту з тэрыторыі Беларусі супраць Украіны, але, тым ня менш, Лукашэнку будзе вельмі цяжка адмовіць Пуціну ў такой просьбе. І гэта, вядома ж, істотна зьменіць сытуацыю для самой Беларусі.
Расейскі палітоляг Марозаў перакананы, што пасьпяховая ўкраінская дронавая атака будзе абмяркоўвацца і ў Савеце бясьпекі Беларусі, і беларускімі сілавікамі, бо перад усімі стаіць пытаньне: што будзе далей з дронавай вайной.
— Я не сумняваюся, што Лукашэнка ўжо даў каманду беларускім вайсковым распрацоўнікам актыўна працаваць над дронамі з штучным інтэлектам, то бок наступным пакаленьнем дронаў — як для таго, каб перадаваць іх Расеі, так і для дэманстрацыі сваёй абароназдольнасьці перад Захадам. Рыторыка Лукашэнкі пра пагрозу з боку Захаду ня скончыцца — яна будзе працягвацца. Ён будзе ставіць пытаньне пра неабходнасьць умацаваньня беларускай мяжы, пра далейшае абсталяваньне ўмацаваных раёнаў, што створаны ў Горадні і, здаецца, у раёне Берасьця.
- 1 чэрвеня стала вядома, што Ўкраіна зьдзейсьніла маштабную адначасовую сэрыю ўдараў бесьпілётнікамі па некалькіх авіябазах у Расеі. Крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што ўкраінскія спэцслужбы правялі апэрацыю «Павуціна» і зьнішчылі больш за 40 расейскіх вайсковых самалётаў, сярод іх А-50, Ту-95 і Ту-22 М3. Атаку зьдзейсьнілі з дапамогай бесьпілётнікаў, якія раней на грузавіках завезьлі ў Расею.
- СБУ ацаніла нанесеныя Расеі страты ў ходзе апэрацыі «Павуціна» ў 7 мільярдаў даляраў і заявіла, што пашкодзіла 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет РФ. Міністэрства абароны Расеі назвала атаку на аэрадромы ў Мурманскай, Іркуцкай, Іванаўскай, Разанскай і Амурскай абласьцях «тэрактам». Паводле фармулёўкі ведамства, у Мурманскай і Іркуцкай абласьцях «адбылося ўзгараньне некалькіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі».
- Расейскае Мінабароны таксама заявіла пра затрыманьне «некаторых удзельнікаў тэрактаў». Паводле ж СБУ, усе ўдзельнікі спэцапэрацыі знаходзяцца ва Ўкраіне.
Форум