За няпоўныя пяць гадоў — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і па травень 2025-га — у Беларусі ліквідавалі не менш за 1.936 аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый.
За за мінулы год ліквідавалі мінімум 382 арганізацыі.
Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец траўня 2025 года падчас прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.190 некамэрцыйных арганізацый.
Рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прыняло прынамсі 746 некамэрцыйных арганізацый.
Lawtrend адзначае, што зараз ліквідацыя НКА пачала насіць кропкавы характар, гэта зьвязана ў першую з вялікай колькасьцю ліквідаваных арганізацый. Праваабаронцы адзначаюць, што прыняцьце рашэньня аб самастойнай ліквідацыі НКА ў Беларусі зьвязана найперш з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі ў краіне, неспрыяльным прававым асяродзьдзем, ціскам на незалежны грамадзкі сэктар, а таксама на канкрэтныя арганізацыі і іх кіраўніцтва, сябраў, супрацоўнікаў.
Тым часам у Беларусі працягваецца перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў. Тыя зь іх, якія ня пройдуць перарэгістрацыю да 5 ліпеня 2025 году, падлягаюць ліквідацыі праз суд, а іх дзейнасьць будзе зьяўляцца незаконнай.
«Інфармацыя аб рэлігійных арганізацыях, якія прайшлі перарэгістрацыю, таксама як аб рашэньнях аб адмове ў перарэгістрацыі, практычна не публікуецца. У сувязі з непублічнасьцю такой інфармацыі, закрыцьцём доступу да базы судовых рашэньняў са студзеня месяца гэтага года, а таксама адсутнасьцю інфармацыі аб зарэгістраваных рэлігійных арганізацыях у Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў гэтая інфармацыя носіць непразрысты характар», — адзначаюць праваабаронцы.
Па выніках такой кампаніі, гаворыцца ў дакумэнце, можна чакаць «істотнага зьніжэньня» колькасьці зарэгістраваных рэлігійных арганізацый у Беларусі.
Рэгістрацыя новых некамэрцыйных арганізацый у Беларусі цяпер робіцца вельмі рэдка, падкрэсьліваецца ў аглядзе. За пяць месяцаў 2025 года зарэгістравалі два новыя мясцовыя грамадзкія абʼяднаньні, і абодва ў траўні.
Форум