У траўні пасьля аўтамабільнай і пешай пагоні ў Варшаве паліцыя затрымала беларуса, які быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Наркотыкі знайшлі і ў яго дома, за што яму пагражае доўгі тэрмін зьняволеньня. «Наша Ніва» сьцьвярджае, што даведалася ягонае імя.
Уначы з 4 на 5 траўня ў цэнтры Варшавы пасьля пагоні паліцыя затрымала 37-гадовага беларуса. Ягоны стыль язды падаўся паліцыянтам агрэсіўным, але ў адказ на патрабаваньне спыніцца кіроўца націснуў на газ. Потым ён урэзаўся ў бэтонныя лаўкі, выскачыў з аўтамабіля і кінуўся бегчы. Неўзабаве яго дагналі і затрымалі.
Выявілася, што ён быў пад узьдзеяньнем амфэтаміну і какаіну. Наркотыкі знайшлі і ў ягонай машыне, і дома — агулам каля трох кіляграмаў розных рэчываў: какаіну, амфэтаміну, мэфэдрону, галюцынагенных грыбоў, марыхуаны і таблетак MDMA, паведаміла паліцыя.
1 чэрвеня «Наша Ніва» з спасылкай на сваю неназваную крыніцу абвесьціла, што імя затрыманага — Андрэй Буржынскі.
«Раней СМІ прадстаўлялі Андрэя „Гусара“ Буржынскага кіраўніком вайсковага і цывільнага штабу „Паспалітага рушэньня“ — арганізацыі беларусаў у Польшчы, якая ставіла мэтай падрыхтоўку да вызваленьня Беларусі, калі патрэбна — сілавым шляхам», — піша «Наша Ніва».
«Буржынскі быў інструктарам на базе ў Жэшаве, дзе займаліся людзі Сахашчыка і „Байполу“. Ён іх фактычна ўсіх трэнаваў і ўсіх ведаў, таму яго і прызначылі як самага дасьведчанага, калі стваралася „Паспалітае рушэньне“ і яго харугвы. Цяпер жыве ў Польшчы, маючы міжнародную абарону, ва Ўкраіне не ваяваў, але займаўся валянтэрствам. Валодае некалькімі замежнымі мовамі і плянаваў пайсьці ў бізнэс, зьехаць жыць у Гішпанію. „Паспалітым рушэньнем“ займаўся дзесьці да 2023 году», — сказаў «Нашай Ніве» знаёмы зь ім чалавек.
У Беларусі Буржынскі раней адседзеў сем гадоў па наркатычным артыкуле, дадало выданьне.
Разам зь беларусам затрымалі і 27-гадовую жанчыну з Украіны, зь якой ён жыў. У яе таксама знайшлі наркотыкі. Цяпер яны абое пад арыштам. Ім пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
Свабода зьвярнулася па камэнтар з гэтай нагоды ў «Паспалітае рушэньне».
Форум