Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за сорак непаўналетніх асудзілі летась паводле «палітычных» артыкулаў, — Вярхоўны суд


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі апублікавала статыстыку крымінальных справаў, разгледжаных судамі агульнай юрысдыкцыі ў 2024 годзе, але схавала зьвесткі аб «палітычных» прысудах, зьвярнула ўвагу выданьне Reform.news. Зьвесткі аб «палітычных» справах трапілі толькі ў асобную статыстыку асуджаных непаўналетніх.

Згодна з апублікаванай статыстыкай, за 2024 год суды агульнай юрысдыкцыі ў Беларусі вынесьлі прысуды ў 29 162 крымінальных справах. У іх асудзілі 31 410 чалавек.

Колькасьць асуджаных у групах злачынстваў:

  • злачынствы супраць жыцьця і здароўя — 1974, у тым ліку за забойства — 174,
  • злачынствы супраць полавай недатыкальнасьці ці полавай свабоды — 487, зь іх за згвалтаваньне — 50,
  • злачынствы супраць укладу сямейных адносінаў і інтарэсаў непаўналетніх — 6239, зь іх за ўхіленьне бацькоў ад утрыманьня дзяцей — 6212,
  • злачынствы супраць уласнасьці — 10 757, у тым ліку за крадзеж — 6979,
  • злачынствы супраць парадку ажыцьцяўленьня эканамічнай дзейнасьці — 515, зь іх за ўхіленьне ад выплаты падаткаў — 106,
  • злачынствы супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту — 1075,
  • злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі — 2088,
  • злачынствы супраць інтарэсаў службы — 622, зь іх за атрыманьне хабару — 233.

За злачынствы супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маральнасьці асудзілі 3285 чалавек. У гэтую групу ўваходзіць «народны» артыкул 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх», паводле якога беларусаў судзяць за ўдзел у пратэстах, а таксама артыкулы аб хуліганстве, загадзя ілжывым паведамленьні аб небясьпецы, пашкоджаньні маёмасьці, вырабе і распаўсюджваньні парнаграфічных матэрыялаў, пашкоджаньні або зьнішчэньні гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У статыстыцы пазначылі толькі колькасьць асуджаных за хуліганства — гэта 1996 чалавек з 3285.

«Экстрэмісцкія» артыкулы за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, паклёп, зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў адносяцца да групы злачынстваў супраць парадку кіраваньня. Падрабязную статыстыку гэтай групы Вярхоўны суд не прыводзіць. Указана толькі, што агульная колькасьць асуджаных — 1070, зь іх 144 чалавекі асудзілі за падробку дакумэнтаў.

Зьвесткі аб палітычна матываваных справах трапілі толькі ў асобную статыстыку асуджаных непаўналетніх. Агулам летась прысуды ў крымінальных справах вынесьлі 593 падлеткам, зь іх 152 чалавекі пакаралі зьняволеньнем.

41 непаўналетняга асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў, вынікае з статыстыкі. Іх судзілі паводле наступных артыкулаў:

  • «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» — 29 чалавек,
  • «распальваньне варожасьці або звады» — 3 чалавекі,
  • «масавыя беспарадкі» — 2 чалавекі,
  • «абраза Лукашэнкі» — 3 чалавекі,
  • «заклікі да санкцыяў» — 2 чалавекі,
  • «здрада дзяржаве» — 1 чалавек,
  • «абраза прадстаўніка ўлады» — 1 чалавек.

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2024 годзе ў Беларусі з рознымі відамі рэпрэсіяў, зьвязаных з крымінальным ці адміністрацыйным перасьледам (арыштамі, допытамі, ператрусамі), сутыкнуліся сама меней 8895 чалавек. Гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG