Гэта больш заяўленай сумы, якая складае 25.260 эўра. Збор працягваецца.
Раней паведамлялася, што сродкі будуць накіраваныя на дапамогу ў арганізацыі летняга адпачынку для дзяцей палітвязьняў і экс-палітвязьняў. На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана дапамога ў памеры 100 эўра.
На сайце BySol паведамляецца, што выплаты ўжо атрымалі 159 дзяцей з 245.
Сёньня дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што рэжым Лукашэнкі змушае дзяцей баяцца. Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца 1 чэрвеня, але «аб якой абароне можа ісьці гаворка [ў Беларусі], калі дзяржава разлучае дзяцей з бацькамі», заявіла Ціханоўская ў звароце на сваім ютуб-канале.
«Многія з вас у асабістых размовах дзеляцца і іншымі цяжкасьцямі, зь якімі сутыкаюцца сёньня дзеці. Прапаганда ў школах, прымусовыя зборы ў падтрымку рэжыму, загон у БРСМ і ўдзел у яго вар’яцкіх акцыях», — сказала палітык.
Паводле яе слоў, многіх дзяцей у Беларусі «не бяруць у сэкцыі і гурткі толькі таму, што іх сем’і прызнаныя нядобранадзейнымі, бо іх бацькі мелі сьмеласьць выказацца супраць несправядлівасьці».
«Рэжым змушае дзяцей баяцца, маўчаць і ахвяраваць сваімі жаданьнямі на карысць уладаў. Рэжым вучыць іх быць ціхімі, «не высоўвацца», імкнецца ўкараніць думку, што ўсё вырашаюць «людзі наверсе», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Намесьніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Ірына МакЛейн заявіла 1 чэрвеня ў сувязі зь Міжнародным днём абароны дзяцей, што сёньня беларускія ўлады «ствараюць пагрозу для дзяцей».
«Дзеці палітвязьняў гадамі чакаюць сваіх бацькоў з турмаў — толькі таму, што іх бацькі выказалі нязгоду. Як мінімум гучалі пагрозы пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. Органы апекі не абаранялі, а выступалі часткай рэпрэсіўнай сыстэмы», — адзначыла МакЛейн.
Форум