За няпоўныя пяць месяцаў фонд салідарнасьці BySol выплаціў рэпрэсаваным 500 тысяч эўра, паведаміў ягоны сузаснавальнік Андрэй Стрыжак 30 траўня.
Актывіст падзякаваў усім, хто спрычыніўся да збораў грошай, перадае «Позірк».
Разам з тым у сувязі з прыпыненьнем фінансаваньня з боку новай прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША беларускі грамадзкі сэктар знаходзіцца ў «найгоршай сытуацыі за апошнія 25 гадоў», заявіў раней Стрыжак.
BySol стаіць перад такімі самымі выклікамі, як і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, дадаў актывіст, і «ў такім маштабе, як ён зараз працуе, хутчэй за ўсё, працаваць ня будзе», дадаў ён.
Арганізацыя, паводле яго, вымушана «скарачацца, карэктаваць выдаткі». Гэта значыць, што даўжэй будуць разглядацца заяўкі, менш будзе магчымасьцяў дапамагаць людзям, ня ўсе эвакуацыі зь Беларусі ўдасца ажыцьцявіць.
19 лютага Стрыжак паведаміў, што за тры гады існаваньня «гарачай лініі» @help_bysol паступіла 25 тысяч заявак.
Усяго фонд дапамагаў людзям у аб’еме каля 1,5–1,7 млн эўра на год.
Зь іх за кошт пэрсанальных збораў — каля 1–1,2 млн эўра. «Плюс мы маем дастаткова вялікую частку грошай, якую мы „фандрайзім“ у далярах. Гэта ў тым ліку беспасярэднія выплаты дзякуючы Міжнароднаму гуманітарнаму фонду, створанаму з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай. Фонд падтрымалі ў першую чаргу паўночныя краіны: Нарвэгія, Швэцыя, Данія, Ісьляндыя ды іншыя», — адзначыў Стрыжак ў інтэрвію «Позірку» сёлета ў лютым.
Апошнія шырока вядомыя выпадкі вывазу з краіны былых палітвязьняў — эвакуацыя валянтэра праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэя Чапюка, журналісткі Ксеніі Луцкіной і актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк.
Зь сьнежня 2021 году BySol знаходзіцца ў сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
Форум