Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рукі ўгору!» У рэгіянальных мэдыя правялі ператрусы за «ўслаўленьне Нямеччыны»


Ператрус у выданьні «Вячэрні Бабруйск», кадар зь сюжэту АНТ
Ператрус у выданьні «Вячэрні Бабруйск», кадар зь сюжэту АНТ

Сілавікі ўварваліся ў рэдакцыі рэгіянальных незалежных выданьняў «Вольнае Глыбокае», Babruisk.info і «Вечерний Бобруйск», як вынікае зь сюжэту на дзяржаўным тэлеканале АНТ, паказаным 28 траўня.

Прапагандысты заявілі, нібыта выданьні пісалі заказныя матэрыялы пра Нямеччыну за грошы ад нямецкага пасольства, перадае «Позірк».

У сюжэце паказана, як у рэдакцыі ўваходзяць узброеныя людзі ў форме і патрабуюць ад усіх супрацоўнікаў падняць рукі ўгору.

Потым у кадры фігуруюць дакумэнты аб аплаце, перапіскі, назвы артыкулаў.

Паводле аўтара сюжэту, з 2020 году «нямецкае пасольства выдаткавала каля 226 тысяч даляраў на артыкулы рэклямнага характару, якія ўслаўляюць нібыта цудоўную Нямеччыну ў параўнаньні зь нібыта менш цудоўнай Беларусьсю».

У сюжэце паказалі ператрус дома ў галоўнага рэдактара «Вячэрняга Бабруйску» Валянціна Сысоя, у якога «выпадкова былі знойдзены» пнэўматычная вінтоўка і пісталет, а таксама імітацыйная граната.

Таксама прадэманстравалі кадры допыту былога рэдактара «Бабруйскага кур’еру» Анатоля Санаценкі, якога арыштоўвалі на 15 дзён сёлета ў красавіку.

Выданьне «Вольнае Глыбокае», якое раней было разгромлена, як і большасьць незалежных СМІ, прыцягнула ўвагу сілавікоў тым, што надалей публікавала матэрыялы ў сацыяльных сетках. У рэдакцыю таксама ўварваліся ўзброеныя людзі, паказаны допыт галоўнага рэдактара і выдаўца Ўладзімера Скрабатуна. Пры гэтым прапагандыст Тур называе пажылога выдаўца «дзедам» і заяўляе, што грошы ад дыпляматычнай місіі ён не атрымаў, бо яго нібыта падманула ягоная ж бухгальтарка.

Узгадваецца ў сюжэце выданьне «ЎзГорак» (Горкі, Магілёўская вобласьць), якое спыніла выхад у 2022 годзе. Яго таксама абвінавачваюць у супрацы з пасольствам Нямеччыны.

Пасьля задушэньня маштабных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткасьці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў мэтадычна зьнішчаць непадкантрольную яму частку мэдыясэктару. Асноўныя незалежныя мэдыя былі разгромлены, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны перасьлед ці мусілі пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў, і спрабаваць аднавіць працу за мяжой.

Дзейнасьць і матэрыялы незалежных СМІ мэтадычна абвяшчаюць «экстрэмісцкімі», за супрацу зь імі пагражае крымінальная адказнасьць.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG