Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына зацьвердзіла праект скасаваньня «экспрэс-натуралізацыі»


Аляксандар Добрынд
Аляксандар Добрынд

Праект закону, які скасоўвае магчымасьць атрымаць грамадзянства Нямеччыны за тры гады, паступіць на разгляд у бундэстаг. Такі праект закладалі яшчэ ў кааліцыйную дамову кансэрватараў і сацыял-дэмакратаў.

Урад Нямеччыны зацьвердзіў законапраект аб скасаваньні магчымасьці паскоранага атрыманьня грамадзянства замежнікамі, якія жывуць у краіне. Такую магчымасьць прадаставіла папярэдняя кіроўная кааліцыя. Дакумэнт, унесены міністрам унутраных спраў Аляксандрам Добрындам, ухвалілі ва ўрадзе 28 траўня. Цяпер ён паступіць на разгляд бундэстагу.

Акрамя таго, у праекце прадугледжана скасаваньне для пэўных груп бежанцаў магчымасьці ўзьяднаньня з членамі сем’яў, якія засталіся на радзіме, піша Deutsche Welle.

Раней Добрынд растлумачыў, што лічыць памылкай «экспрэс-натуралізацыю» пасьля трох гадоў у Нямеччыне.

«Цяпер мы пакладзем гэтаму канец. Грамадзянства Нямеччыны варта падаваць у канцы працэсу інтэграцыі, а не ў яго пачатку», — заявіў ён у інтэрвію газэце Bild.

У законапраекце ўказваецца, што тры гады — занадта кароткі тэрмін для таго, «каб пасьпець інтэгравацца ва ўмовы жыцьця ў Нямеччыне». Добрынд спадзяецца, што зьмена заканадаўства дазволіць скараціць колькасьць просьбітаў прытулку ў краіне.

«Экспрэс-натуралізацыя стварыла дадатковыя ілжывыя стымулы для нелегальнай міграцыі. Мы прыбіраем гэтыя чыньнікі», — сказаў ён.

Скасаваньне права на паскоранае атрыманьне грамадзянства прапісанае ў кааліцыйнай дамове, якую заключылі кансэрватыўны блёк Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу і Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу з Сацыял-дэмакратычнай партыяй пасьля лютаўскіх датэрміновых выбараў.

Прынятая папярэднім урадам сацыял-дэмакратаў, «зялёных» і лібэралаў норма дзейнічае з чэрвеня 2024 году. Яна прадугледжвае, што грамадзянства можна часам атрымаць не за пяць, а за тры гады ў выпадку «асабліва станоўчых інтэграцыйных дасягненьняў».

Як хутка новая кіроўная кааліцыя ўнясе зьмены ў міграцыйнае заканадаўства і якія менавіта гэта будуць зьмены — пытаньне адкрытае. На ўступленьне закону ў сілу спатрэбіцца час. Ён павінен быць ухвалены ня толькі бундэстагам, але і бундэсратам — прадстаўніцтвам нямецкіх фэдэральных земляў. Папярэдні раз працэдура заняла каля 10 месяцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG