Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што да канца ягонага тэрміну ЗША створаць супрацьракетны «Залаты купал»


Дональд Трамп расказвае пра стварэньне «Залатога купала»
Дональд Трамп расказвае пра стварэньне «Залатога купала»

Дональд Трамп 20 траўня анансаваў стварэньне супрацьракетнай сыстэмы «Залаты купал». Паводле Трампа, яна будзе каштаваць 175 мільярдаў даляраў. У яе рамках амэрыканскую зброю ўпершыню разьмесьцяць у космасе.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп чакае, што сыстэма будзе «цалкам працаздольнай да канца яго тэрміну» (у 2029 годзе), перадае агенцтва Reuters.

«Залаты купал» дазволіць выяўляць і зьбіваць ракеты на ўсіх этапах: як да запуску, так і ў апошнія хвіліны палёту дзякуючы сэнсарам, спадарожнікам і перахопнікам, разьмешчаным на зямлі і на арбіце.

Пэнтагон даўно патрабаваў удасканаліць абарону ЗША ад найноўшых кітайскіх і расейскіх ракет.

Падчас прэзэнтацыі супрацьракетнай сыстэмы «Залаты купал» у Белым доме. Вашынгтон, 20 траўня 2025 году
Падчас прэзэнтацыі супрацьракетнай сыстэмы «Залаты купал» у Белым доме. Вашынгтон, 20 траўня 2025 году

Летась ЗША заявілі, што Расея распрацоўвае касьмічную ядзерную зброю для зьнішчэньня спадарожнікаў.

Што да фінансаваньня, то першыя 25 мільярдаў Трамп ужо запатрабаваў. Якім будзе канчатковы кошт, пэўнасьці пакуль няма.

Бюджэтная ўправа Кангрэсу падлічыла, што толькі касьмічныя кампанэнты «Залатога купала» могуць каштаваць да 542 мільярдаў даляраў цягам 20 гадоў.

Адказным за праект будзе намесьнік начальніка касьмічных сілаў ЗША генэрал Майкл Гутлайн.

Раней Кітай і Расея з гэтай нагоды заявілі, што «Залаты купал» можа ператварыць космас у арэну ўзброенага супрацьстаяньня.

Кітай 21 траўня яшчэ раз заклікаў Вашынгтон адмовіцца ад распрацоўкі і разгортваньня «Залатога купала».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG