Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы выступілі з Маніфэстам да Дня палітвязьняў: «Час вызваленьня — цяпер!»


Турма ў Горадні, архіўнае фота
Турма ў Горадні, архіўнае фота

Праваабарончыя арганізацыі 21 траўня выступілі з заклікам да ўладаў неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі.

Паводле Маніфэсту праваабарончых арганізацыяў, «катастрафічнае становішча прыблізна 1200 палітычных зьняволеных патрабуе неадкладнага ўмяшаньня»:

«Мы вітаем распачаты ў 2024 годзе працэс вызваленьня і заклікаем беларускія ўлады працягнуць працэс вызваленьня палітзьняволеных і пашырыць яго, забясьпечыўшы вызваленьне ўсіх, хто быў зьняволены з палітычных матываў. Мы таксама заклікаем дэмакратычных палітыкаў выкарыстоўваць усе магчымыя інструмэнты і мэханізмы, каб спрыяць вызваленьню, у тым ліку шляхам дыпляматычных ініцыятываў і гуманітарных перамоваў».

Аўтары адозвы называюць вызваленьне палітычных зьняволеных пытаньнем справядлівасьці і чалавечнасьці:

«Для вызваленых гэта значыць канец невымоўных пакутаў, вяртаньне да родных — а ў некаторых выпадках нават ратаваньне ад сьмерці, якая пагражае ім у зьняволеньні. Нельга больш чакаць».

На сакавік 2025 году ў Беларусі больш за 2600 палітычных зьняволеных цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, каля 1200 чалавек застаюцца за кратамі з палітычных матываў, некаторыя — ужо пяць гадоў, як мінімум восем чалавек памерлі ў зьняволеньні праз бесчалавечныя ўмовы, больш за 200 зьняволеных належаць да ўразьлівых групаў, дзясяткі знаходзяцца ў крытычным стане, нагадваюць праваабаронцы.

Яны перакананыя, што вызваленьні магчымыя, згадваюць, што пасьля шэрагу памілаваньняў і абменаў зьняволенымі ў 2024 годзе сёлета гэты працэс працягнуўся. Агулам такім чынам былі вызваленыя больш за 300 палітвязьняў да заканчэньня іхных тэрмінаў. Праваабаронцы мяркуюць, што цяпер настаў момант разгледзець і актывізаваць усе даступныя шляхі, якія спрыяюць вызваленьню палітвязьняў, у тым ліку гуманітарныя перамовы і дыпляматычныя ініцыятывы.

Праваабаронцы агучылі свой заклік да ўладаў Беларусі і дэмакратычных урадаў:

«Мы перакананыя, што вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных ня толькі магчымае, але і абсалютна неабходнае. Гэта ня толькі гуманітарны абавязак, але і важны крок да пераадоленьня найглыбейшага крызісу, які працягваецца ў Беларусі.

Мы заклікаем:

Улады Беларусі — працягнуць і пашырыць працэс вызваленьня, спыніць дыскрымінацыю палітычных вязьняў у месцах зьняволеньня, у прыватнасьці ў адказ на адвакатаваньне іх вызваленьня, і забясьпечыць шырокі доступ міжнародных назіральнікаў да зьняволеных. Вызваленьне палітзьняволеных не павінна ставіцца ў залежнасьць ад выкананьня прыніжальных умоваў, а, наадварот, павінна суправаджацца аднаўленьнем іх правоў. Вызваленьне палітзьняволеных не павінна суправаджацца працягам рэпрэсіяў з палітычных матываў.

Дэмакратычныя ўрады — зрабіць вызваленьне палітзьняволеных прыярытэтам, узаемадзейнічаць з уладамі Беларусі ў гуманітарных пытаньнях, зьвязаных зь іх вызваленьнем, і выкарыстоўваць усе магчымыя дыпляматычныя і гуманітарныя меры для дасягненьня гэтай мэты.

Усе бакі — разглядзець усе шляхі для пачатку сапраўднага дыялёгу пра вызваленьне зьняволеных».

Паводле аўтараў адозвы, усе крокі насустрач уладам Беларусі мусяць быць абумоўлены рэальнымі і вымяральнымі зьменамі — у першую чаргу вызваленьнем палітычных зьняволеных і зьмякчэньнем рэпрэсіўных мераў.

Адозву падпісалі:

  • Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязьняў «FreeBelarusPrisoners»;
  • Фонд «21 траўня»;
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  • Прававая ініцыятыва;
  • Беларускі Хэльсынскі камітэт;
  • Беларускі ПЭН;
  • Human Constanta;
  • Respect-Protect-Fulfill;
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў;
  • Lawtrend;
  • Офіс правоў людзей з інваліднасьцю;
  • politzek.me
  • «Лекары за праўду і справядлівасьць»;
  • TaskforceBelarus;
  • Free Belarus Center.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG