Пра гэта паведамляюць турэцкія мэдыя.
Рабочая партыя Курдыстану (РПК), занесеная ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый у Турэччыне, Эўразьвязе і ЗША, вяла баявыя дзеяньні з Турэччынай з 1984 году, патрабуючы стварэньня аўтаноміі для турэцкіх курдаў.
«Мы завяршылі нашу працу», — гаворыцца ў заключнай дэклярацыі 12-га зьезду Рабочай партыі Курдыстану.
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што курдзкае пытаньне дасягнула пункту, калі яго можна вырашыць з дапамогаю дэмакратычнай палітыкі.
1 сакавіка 2025 году Рабочая партыя Курдыстану (РПК) аб’явіла аб спыненьні агню з Турэччынай. 27 лютага лідэр партыі Абдула Аджалан, увязьнены ў турме, заклікаў сваіх прыхільнікаў скласьці зброю і склікаць зьезд з мэтай роспуску арганізацыі. Зварот зачыталі на курдзкай і турэцкай мовах палітыкі гэтай партыі, якія наведалі 75-гадовага Аджалана.
Ён таксама зьвярнуўся да кіраўніцтва Турэччыны з заклікам «праявіць павагу да этнічных меншасьцяў, свабоды выказваньня думак і права на дэмакратычную самаарганізацыю».
Аджалан знаходзіцца ў зьняволеньні на востраве Імралы з 1999 году, калі суд прызнаў яго вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.
Паводле розных ацэнак, падчас баявых дзеяньняў паміж РПК і Турэччынай загінулі каля 40 тысяч чалавек, у тым ліку з прычыны нападу прадстаўнікоў РПК на вайсковыя і цывільныя абʼекты, а таксама падчас турэцкіх ваенных апэрацыяў супраць групоўкі.
Раззбраеньне РПК можа стаць буйным палітычным посьпехам для прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, яно прыбірае галоўную пагрозу ўнутранай бясьпецы Турэччыны і павысіць шанцы Эрдагана на канстытуцыйныя зьмены.