На Багінскую завялі крымінальную справу за пікетаваньне
Супраць 78-гадовай актывісткі Ніны Багінскай завялі крымінальную справу паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Прычынай сталі шпацыры са значкам бел-чырвона-белага колеру на адзеньні і дэманстрацыя нацыянальнай сымболікі на вуліцах Менску ў 2024 годзе, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, неўзабаве мае распачацца працэс у судзе Першамайскага раёна Менска. Гэта сёмая справа паводле гэтага артыкула з моманту яго ўвядзеньня ў Крымінальны кодэкс, якая дайшла да суда.
Вядома, што падчас сьледзтва па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псыхіятрычную экспэртызу.
У Ніны Багінскай ужо ня раз вырывалі і забіралі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі яна выходзіла на пратэсты. Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе сказаў, што аддаў загад не чапаць Багінскую.