Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь па-ранейшаму ў канцы сусьветнага рэйтынгу свабоды прэсы


Мапа арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», якая характарызуе свабоду прэсы ў сьвеце ў 2025 годзе
Мапа арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», якая характарызуе свабоду прэсы ў сьвеце ў 2025 годзе

Беларусь займае 166-е месца са 180 у сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы за 2025 год, які складае міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».

У параўнаньні з 2024 годам Беларусь паднялася ў рэйтынгу на адну пазыцыю (з 167 на 166 месца), абагнаўшы Расею. У папярэднія гады Беларусь таксама была ў канцы рэйтынгу, але вышэй чым сёлета: у 2023 годзе — на 157 месцы, у 2022 годзе — на 153-м, у 2021 годзе — на 158 месцы.

Беларусь у рэйтынгу свабоды прэсы за 2025 год апынулася паміж Кубай (165-е месца) і Азэрбайджанам (167-е месца).

Найлепшае становішча са свабодай прэсы сёлета, паводле рэйтынгу — у Нарвэгіі. У топ-5 краінаў апынуліся Эстонія (2-е месца), Нідэрлянды (3-е), Швэцыя (4-е) і Фінляндыя (5-е).

Найгоршае становішча са свабодай прэсы — у Эрытрэі (яна займае апошняе 180-е месца), Паўночнай Карэі (179-е месца), Кітаі (178-е), Сырыі (177-е) і Іране (176-е).

Сярод краін-суседзяў Беларусі горш за ўсе справы ідуць у Расеі — у індэксе свабоды прэсы за 2025 год яна заняла 171-е месца. Літва займае 14-е месца, Латвія — 15-е, Польшча — 31-е, Украіна — 62-е месца.

На старонцы, прысьвечанай Беларусі, «Рэпартэры бязь межаў» нагадваюць, што Беларусь, «самая небясьпечная краіна Эўропы для журналістаў да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», працягвае масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, а таксама зьяўляецца адным зь лідэраў па колькасьці зьняволеных журналістаў у сьвеце і адметная тым, што за кратамі там знаходзіцца вялікая колькасьць жанчын-журналістаў.

У дакладзе за 2025 год «Рэпарцёры без межаў» адзначаюць, што хаця фізічныя напады на журналістаў зьяўляюцца найбольш прыкметнымі парушэньнямі свабоды прэсы, эканамічны ціск таксама ёсьць сур’ёзнай, больш падступнай праблемай. Паводле зьвестак арганізацыі, у 160 са 180 вывучаных краін СМІ ня могуць дасягнуць фінансавай стабільнасьці, 34 краіны адзначыліся масавым закрыцьцём СМІ, і эміграцыяй журналістаў — сярод іх згадваецца і Беларусь.

«Незалежныя СМІ ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным эканамічным крызісам, які пагоршыўся рэзкім спыненьнем амэрыканскай дапамогі і ўзмацненьнем уплыву расейскай прапаганды. Скарачэньне бюджэту пры адміністрацыі Трампа, у прыватнасьці, прыпыненьне фінансаваньня Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) і Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID), моцна аслабіла і без таго ўразьлівы сэктар, асабліва ў краінах, якія змагаюцца з аўтарытарнымі рэжымамі, карупцыяй і вайной», — гаворыцца на старонцы дакладу, прысьвечанай сытуацыі са свабодай слова ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

У студзені 2025 году арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд (ICC) на «беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі» ў дачыненьні журналістаў з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG