Згодна з папярэднімі вынікамі, Лібэральная партыя перамагае на выбарах у Парлямэнт Канады, праведзеных у панядзелак. Чакецца, што кіраўнік партыі, цяперашні прэм’ер-міністар Канады Марк Кэрні ўзначаліць і наступны ўрад краіны.
Толькі некалькі месяцаў таму апытаньні грамадзкай думкі паказвалі на магчымае паражэньне непапулярнай Лібэральнай партыі, якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 года. Але гэтыя выбары сталі вельмі незвычайнымі, таму што галоўным пытаньнем на іх разам з эканамічным становішчам сталі адносіны Канады са Злучанымі Штатамі. Заявы Дональда Трампа аб тым, што Канада павінна стаць 51-м штатам ЗША, увядзеньне ім мытаў на канадзкі імпарт, што можа справакаваць рэцэсію ў Канадзе, паўплывалі на настроі многіх выбаршчыкаў.
60-гадовы Марк Кэрні, эканаміст, які ў мінулым узначальваў цэнтральныя банкі Канады і Вялікабрытаніі, пазыцыянаваў сябе як антытрампіст, засяродзіўшыся ў сваёй перадвыбарнай кампаніі на адносінах са Злучанымі Штатамі.
45-гадовы лідэр Кансэрватыўнай партыі Пʼер Пуальеўр акцэнтаваў увагу на эканамічных праблемах Канады і крытыкаваў лібэралаў за іх правальную, паводле яго слоў, эканамічную палітыку. Некаторыя яго лёзунгі супадалі з лёзунгамі Дональда Трампа. Гэтая тактыка апраўдвала сябе на працягу некалькіх гадоў. Да пачатку гэтага года кансэрватары лідзіравалі, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, са значным адрывам.
Былы лідэр Лібэральнай партыі Джасьцін Трудо пайшоў у адстаўку ў сакавіку, да красавіка лібэралы, узначаленыя Кэрні, сталі больш папулярнымі, чым кансэрватары.
Перад лібэраламі, якія перамаглі, стаіць складаная задача наладжваньня адносін з адміністрацыяй Трампа і выяўленьня рэзэрваў для эканамічнага росту краіны, які ў апошнія гады быў нізкім, у той час як беспрацоўе было высокім.
Форум