Пра гэта заявіла прадстаўніца НДІ гігіены, таксыкалёгіі, эпідэміялёгіі, вірусалёгіі і мікрабіялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Марына Ермаловіч у часопісе «Медицинский вестник».
Для параўнаньня — у 2018 годзе ў Беларусі зафіксавалі 259 выпадкаў адру, у 2019-м — 201, у 2020-м — 0, у 2021-м — 3, у 2022-м — 0, а ў 2023-м — 206 выпадкаў.
Паводле экспэрткі, усплёск назіраўся ў першую палову 2024 году, да канца лета колькасьць зарэгістраваных выпадкаў адру ў Беларусі рэзка зьнізілася. Паводле Ермаловіч, рэгістрацыю выпадкаў адру ў Беларусі праводзяць толькі пасьля іх лябараторнага пацьверджаньня.
У 2024 годзе 43% выпадкаў захворваньня прыпала на дзяцей да 18 гадоў, у той час як да 2023 года асноўную долю (ад 70% да 90%) хворых складалі дарослыя 20–60 гадоў. Большасьць дзяцей (83%), якія захварэлі, не былі прышчэпленыя супраць адру, бо бацькі адмаўляліся ад вакцынацыі.
Большасьць хворых дарослых таксама або не былі прышчэпленыя супраць адру, або зьвестак пра іх вакцынацыю не было. Толькі каля 35% хворых дарослых мелі зьвесткі пра зробленую прышчэпку, аднак усе яны атрымалі апошнюю дозу вакцыны больш за 10 гадоў таму, адзначыла Марына Ермаловіч.
Паводле прадстаўніцы НДІ, летась вірус адру ў Беларусь ня раз завозілі з розных рэгіёнаў Расеі, а таксама з Азэрбайджану, Казахстану, Грузіі, Польшчы, ААЭ. Паводле экспэрткі, летась уздым захворваньняў на адзёр назіраўся і ў сьвеце.
Экспэртка адзначыла, што пачынаючы з 2012 году, з моманту фармаваньня Эўрапейскай рэгіянальнай камісіі вэрыфікацыі элімінаваньня адру і чырвонкі, Беларусь штогод «прызнавалася тэрыторыяй, дзе абедзьве гэтыя інфэкцыі элімінаваныя», і выказала спадзеў, што пададзеныя ў камісію малекулярна-эпідэміялягічныя зьвесткі за 2024 год будуць «доказам таго, што мелі месца шматлікія завозы віруса адру, але, нягледзячы на абмежаванае распаўсюджваньне ўзбуджальніка, аднаўленьня яго эндэмічнай перадачы ў краіне не адбылося».
Форум