Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску 2 і 6 траўня абмяжуюць рух транспарту для рэпэтыцыяў параду


Парад у Менску 9 траўня 2020 году
Парад у Менску 9 траўня 2020 году

2 і 6 траўня ў Менску будуць праводзіць генэральныя рэпэтыцыі вайсковага параду, прысьвечанага 80-й гадавіне перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

Як паведаміла Міністэрства абароны Беларусі, у сувязі з гэтым на шэрагу вуліц і праспэктаў Менску цалкам абмяжуюць рух усіх відаў транспарту.

Пра абмежаваньні ў руху транспарту ў гэтыя дні сказаў начальнік вайсковай аўтамабільнай інспэкцыі Менскай вайсковай камэндатуры Арцём Чыкіда.

З 16:50 2 і 6 траўня будзе абмежаваны рух на вуліцах Заснавальнікаў і Старынаўскай да выезду тэхнікі мэханізаванай калёны.

З 17:50 пачнуць паэтапна цалкам спыняць рух на маршруце калёны: вуліца Старынаўская — праспэкт Незалежнасьці — праспэкт Машэрава. Чаканая працягласьць перакрыцьця — каля 1,5 гадзіны.

Рух на праспэкце Машэрава ад вуліцы Куйбышава да праспэкту Пераможцаў абмяжуюць з моманту прыбыцьця тэхнікі калёны да заканчэньня рэпэтыцыі параду.

З 21:50 будуць паэтапна цалкам спыняць рух транспарту на маршруце мэханізаванай калёны: прасп. Машэрава — вул. Ціміразева — вул. Сапэраў — прасп. Пераможцаў — вул. Арлоўская — вул. Сурганава — прасп. Незалежнасьці. Для паўторнага праходжаньня мэханізаваная калёна з вуліцы Сурганава паверне направа на праспэкт Незалежнасьці і надалей будзе рухацца тым жа маршрутам.

Па заканчэньні рэпэтыцыі мэханізаваная калёна будзе зьяжджаць наступным маршрутам: прасп. Машэрава — вул. Ціміразева — вул. Сапэраў — прасп. Пераможцаў — вул. Арлоўская — вул. Сурганава — прасп. Незалежнасьці — вул. Старынаўская — вул. Заснавальнікаў.

Тэхніка, якая перавозіць пешыя парадныя разьлікі на рэпэтыцыю, пачне рухацца пасьля мэханізаванай калёны, арыентацыйна ў 18:40, яе маршрут: вул. Рагачоўская — прасп. Незалежнасці — МКАД (вонкавае кола) — прасп. Пераможцаў — вул. Сапэраў — вул. Ціміразева — прасп. Машэрава. Далей калёна будзе заходзіць на месцы стаянкі на вуліцах Ігнаценкі, Тарханава, Гвардзейскай і Грыбаедава.

Пасьля заканчэньня рэпэтыцыі тэхніка пешых парадных разьлікаў будзе вяртацца наступным маршрутам: вул. Ігнаценкі — прасп. Пераможцаў — МКАД (унутранае кола) — прасп. Незалежнасьці — вул. Рагачоўская.

Рух будуць адкрываць пасьля праходжаньня хваста калёнаў.

Кіроўцаў просяць улічваць гэтую інфармацыю і «ў мэтах бясьпекі не выходзіць на праезную частку падчас руху калёнаў тэхнікі».

З нагоды 80-годзьдзя перамогі ў Менску плянуюць правесьці маштабны парад, паведаміў у канцы лютага памочнік міністра абароны ў ідэалягічнай працы ва Ўзброеных сілах Леанід Касінскі. Паводле яго, чакаецца ўдзел вайскоўцаў з шэрагу «дружалюбных краін». «Плянуецца ўдзел больш як 24 парадных разьлікаў, а таксама авіяцыі. Мы запрасілі парадныя разьлікі з дружалюбных нам краін — Расейскай Фэдэрацыі, Кітаю, а таксама групы зь дзяржаўнымі сьцягамі рэспублік СНД. Часткова пацьвярджэньне пра ўдзел шэрагу краін ужо атрымана», — сказаў ён.

24 красавіка для ўдзелу ў парадзе ў Менск прыляцелі вайскоўцы Народна-вызваленчай арміі Кітаю, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.

15 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка 9 траўня будзе прысутнічаць на вайсковым парадзе ў Маскве.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG