Раніцай 24 красавіка крама «Суседзі», разьмешчаная на вуліцы Барысаўца ў Слуцку, адкрылася на гадзіну пазьней. Як паведамляе мясцовае выданьне SlutskGorod, так работнікі крамы выказалі сваю нязгоду зь нізкімі заробкамі.
Крама не пачала працу а 7-й гадзіне, як звычайна, людзі прыходзілі, стаялі нейкі час пад дзьвярыма і адыходзілі, паведамілі чытачы выданьня, а відавочцы даслалі фота.
Паводле інфармацыі SlutskGorod, каля дзясятка чалавек, якія мелі 24 красавіка выйсьці на працоўную зьмену, узгоднена не адчынілі дзьверы крамы. Так было каля гадзіны, пасьля чаго «Суседзі» ўсё ж упусьцілі пакупнікоў.
Як піша выданьне з спасылкай на свае крыніцы, пасьля «падаўжэньня рэжыму працы да 2 гадзін ночы задачаў у пэрсаналу стала нашмат больш, супрацоўнікі ня раз зьвярталіся да кіраўніцтва з просьбай падняць заробкі», а сёньняшні міні-страйк «стаў спробай дагрукацца да адміністрацыі сеткі».
Пакуль невядома, ці ўдалося работнікам дамагчыся чагосьці. Апэратыўна атрымаць камэнтар у кіраўніцтве сеткі крамаў «Суседзі» выданьню не ўдалося.
Першая крама «Суседзі» адкрылася ў Беларусі ў 2001 годзе. Сетка паступова пашыралася, захоўваючы фармат «крама каля дому».
У 2020 годзе ў гандлёвай сетцы «Суседзі» было 139 крамаў, цяпер іх 236 — гандлёвая сетка надалей пашыраецца.
Падчас праверак у лютым 2025 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі заявіла, што ў 86% крамаў гэтай гандлёвай сеткі выявіла «парушэньні дзейнага заканадаўства», сярод якіх продаж тавараў з скончаным тэрмінам прыдатнасьці, невыкананьне абавязковага асартымэнту тавараў, брак неабходных сродкаў вымярэньня, інфармацыі для спажыўцоў, неналежнае афармленьне цэньнікаў і інш.
Форум