Праект закону аб амністыі распрацаваў урад, піша БЕЛТА. Чакаецца, што амністуюць каля 8 тысяч зьняволеных.
Паводле БЕЛТА, у законапраекце «захаваныя падыходы, пасьпяхова апрабаваныя ў ходзе амністыяў мінулых гадоў».
У папярэднія гады амністыя не распаўсюджвалася на тых, каго сілавікі ўнесьлі ў сьпіс датычных да «экстрэмісцкай» ці «тэрарыстычнай» дзейнасьці, куды часта ўключаюць палітвязьняў.
Паводле інфармацыі агенцтва, пад амністыю могуць трапіць зьняволеныя з пэўнымі захворваньнямі. Людзям, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, раней ня суджаным і асуджаным да пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў уключна, прапануюць замяніць пакараньне мякчэйшым — «хатняй хіміяй» (абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
Акрамя таго, у законапраект упісана, што амніставаць будуць толькі тых, хто цалкам кампэнсуе нанесеныя страты.
Замест поўнай частковую амністыю — скарачэньне пакараньня на адзін год — будуць стасаваць да асуджаных за неасьцярожныя злачынствы, якія прывялі да сьмерці чалавека.
Як паведамілі ў МУС Беларусі, амністыя будзе распаўсюджвацца «толькі на асобаў, якія станоўча характарызуюцца ў пэрыяд адбываньня пакараньня». Як адзначаюць праваабаронцы, палітвязьням у калёніях часта выпісваюць парушэньні паводле надуманых прычын.
Паводле МУС, цяперашнюю амністыю прапануюць распаўсюдзіць таксама на людзей да так званай «ільготнай катэгорыі» (непаўналетнія, цяжарныя, бацькі дзяцей да 18 гадоў, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды 1-й і 2-й групаў, хворыя на анкалягічныя захворваньні), якія ўчынілі злачынствы, што не адносяцца да цяжкіх.
Таксама прапануюць скараціць на 1 год тэрмін пакараньня жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў; тым, хто, будучы непаўналетнім, учыніў злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркотыкаў; шматдзетным маці трох і больш дзяцей да 18 гадоў, асуджаным за забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня; раней не судзімым, якіх пакаралі за незаконны абарот наркотыкаў, акрамя асуджаных па ч. 5 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (калі спажываньне наркотыкаў прывяло да сьмерці чалавека).
Форум