Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі вызначыў цану паляваньня на чырвонакніжных мядзьведзя і рысь, ахоўны статус якіх панізілі


Рысь у заапарку ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Рысь у заапарку ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі пастановай № 233 устанавіў мінімальную цану дазволаў на здабычу рысі і бурага мядзьведзя, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Дакумэнт апублікавалі 24 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з пастановай, мінімальны кошт дазволу на здабычу мядзьведзя:

  • 500 рублёў — для грамадзян Беларусі або іншых краін ЭАЭС;
  • 1000 рублёў — для грамадзян іншых краін.

За дазвол на паляваньне на рысь давядзецца заплаціць:

  • 200 рублёў — для грамадзян Беларусі і краін ЕАЭС;
  • 500 рублёў — для астатніх замежнікаў.

Акрамя гэтага, паляўнічыя павінны набыць адмысловую паляўнічую пуцёўку, яна каштуе сама меней 5 рублёў на чалавека. Безь яе дазвол ня дзейнічае.

Новыя правілы паляваньня набываюць моц з 21 траўня 2025 году.

Рысь і мядзьведзь уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі і застаюцца ахоўнымі відамі. Разам з тым, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі сваёй пастановай № 10 ад 14 сакавіка 2025 году панізіла іх ахоўны статус.

Да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі), а таксама зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі).

Зьмяненьне іх статусу некалькі гадоў лябіяваў былы кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, які стаў старшынёй Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

У Беларусі колькасьць бурага мядзьведзя, паводле розных ацэнак, складае ад 500 да 900 асобін. Колькасьць рысяў летась ацэньвалі ў 1600 асобін.

У лістападзе 2024 году ўказам № 420 у Беларусі дазволілі паляваньне на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме, які дае магчымасьць кантралявана рэгуляваць іх колькасьць, на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG