Сын кіраўніка Чачэніі, 17-гадовы Адам Кадыраў, стаў сакратаром Савета бясьпекі краіны, паведамляе праект Радыё Свабода «Кавказ.Реалии».
Калі менавіта сын Кадырава заняў пасаду сакратара Савета бясьпекі — незразумела. У афіцыйным тэлеграм-канале рэгіянальнага Савета бясьпекі паведамленьне пра яго ўпершыню зьявілася 21 красавіка. Склад савета бясьпекі цалкам фармуе кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
На афіцыйным сайце Савета бясьпекі Чачэніі ягоным сакратаром з 2016 году быў указаны пляменьнік кіраўніка Чачэніі Хамзат Кадыраў. Менавіта ён у дзень крушэньня ў Казахстане пасажырскага самалёта «Азэрбайджанскіх авіялініяў» расказаў пра работу СПА ў Чачэніі: ён апублікаваў відэа паражэньня бесьпілётніка ракетай і напісаў «усё зьбіта». Пасьля гэтага кіраўнік Чачэніі ні разу ня згадваў яго ў сваіх публікацыях.
Адам Кадыраў зьяўляецца начальнікам аддзелу забесьпячэньня бясьпекі свайго бацькі, а таксама куратарам двух батальёнаў, якія ваююць ва Ўкраіне (Шэйха Мансура і Байсангура Беноеўскага), Расейскага унівэрсытэта спэцназа імя Ўладзіміра Пуціна ў Гудэрмесе і МУС Чачэніі.
Яму таксама прысвоілі званьне Героя Чачэніі і ўнесьлі ў Кнігу рэкордаў Расеі (як самага маладога начальніка службы бясьпекі кіраўніка суб’екта РФ).
Кадыраву-малодшаму пачалі ўручаць узнагароды і прызначаць яго на высокія пасады пасьля таго, як ён зьбіў у сьледчым ізалятары абвінавачанага ў спаленьні Карану Мікіту Жураўля, якога пазьней асудзілі да трох з паловай гадоў калёніі.
У кастрычніку 2024 году Генпракуратура паведаміла пра завядзеньне новай крымінальнай справы супраць Жураўля — паводле артыкулу аб дзяржаўнай здрадзе, а ўжо ў лістападзе яго асудзілі на 13,5 года калёніі строгага рэжыму.
Форум