Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт дзяржаўнага кантролю завёў 44 крымінальныя справы за ахвяраваньні


Арышт затрыманага ў Лоеве Гомельскай вобласьці, 2022. Ілюстрацыйнае фота
Арышт затрыманага ў Лоеве Гомельскай вобласьці, 2022. Ілюстрацыйнае фота

Беларускія сілавікі часта выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў «экстрэмізьме» і «тэрарызьме» для перасьледу апанэнтаў улады.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі (КДК) завёў 44 крымінальныя справы за «фінансаваньне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», заявіў старшыня ведамства Васіль Герасімаў на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі 23 красавіка.

Паводле старшыні КДК, яго ведамства было сканцэнтраванае «на аналізе абароту крыптавалюты і кантролі аплатных сэрвісаў розных электронных сыстэмаў і сацыяльных сетак» і ў выніку летась выявіла «2,7 тысячы крыптавалютных транзакцыяў, зьвязаных з фінансаваньнем экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», піша БЕЛТА.

Акрамя гэтага, разам з органамі дзяржаўнай бясьпекі выявілі 1445 беларусаў, якія з дапамогай аплатнага сэрвісу ў Фэйсбуку пералічвалі грошы «экстрэмісцкім фармаваньням», заявіў Герасімаў.

У выніку завялі агулам 44 крымінальныя справы. У якасьці прыкладу Герасімаў прывёў топ-мэнэджараў адной з IT-кампаніяў, які, паводле яго, зрабіў грашовыя пераказы агулам на суму 290 тысяч даляраў.

Акрамя таго, у 2024 годзе ведамства выявіла 34 злачынствы эканамічнага характару, «учыненыя датычнымі да дэструкцыйнай дзейнасьці грамадзянамі».

За данаты арганізацыям, прызнаным уладамі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі», з 2020 году ў Беларусі асудзілі прынамсі 112 беларусаў.

Найчасьцей беларусы ахвяруюць палітвязьням, праваабарончым арганізацыям, беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне і інш.

  • «Экстрэмізм» — самае распаўсюджанае абвінавачаньне, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян.
  • Праваабаронцы канстатавалі, што ў заканадаўстве Беларусі паняцьце «экстрэмізму» трактуецца вельмі шырока, пры гэтым трактаваньні «экстрэмізмам» можна назваць якую-хаця апазыцыйную дзейнасьць ці іншадумства.
  • Таксама палітычных зьняволеных нярэдка судзяць паводле артыкулу «тэрарызм».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG